З 19 па 22 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пры санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) прайшла сустрэча ў межах «Маленькага курсу хрысціянскага жыцця».
Гэты курс з’яўляецца асаблівай формай апостальскага руху ў Каталіцкім Касцёле. Cursillos де Cristiandad, што можна перакласці з іспанскай мовы як «Маленькі курс хрысціянскага жыцця», быў заснаваны ў 1944 годзе на Маёрцы, у Іспаніі. Курс звычайна доўжыцца тры дні, яго цэнтральныя тэмы — Хрыстус, Касцёл, жыццё ў ласцы. Гэты інтэнсіўны трохдзённы курс не мае навучальнага характару, але і не з’яўляецца тым, што называюць словам «рэкалекцыі». Ён складаецца са сведчання рэальнага жыццёвага досведу звычайных людзей, які становіцца асновай для дыскусій у невялікіх групах. Сведчанні і абмен меркаваннямі чаргуюцца з песнямі, размовамі, малітвай.
Курс дае ўдзельнікам магчымасць лепш уявіць сабе, якім хрысціянінам павінен быць у штодзённым жыцці чалавек ХХІ стагоддзя.
Курс прызначаны для ўсіх, хто хоча сур’ёзна зірнуць на сябе, сваё жыццё, адносіны з іншымі людзьмі і Богам.
«Маленькі курс хрысціянскага жыцця» цалкам адпавядае крытэрыям касцёльных аб’яднанняў свецкіх вернікаў, указаным у апостальскай адгартацыі Christifideles laici (№ 30).
Як паведаміл Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча ў межах курсу, якая сабрала ў Росі 14 удзельнікаў, стала ўжо другой. Падтрымаць іх прыбыла большасць выпускнікоў першага Cursillo, які ўпершыню адбыўся ў мінулым годзе. Напачатку былі зачытаныя пасланні ад прадстаўнікоў руху Cursillo з замежжа з запэўненнем малітоўнай падтрымкі і салідарнасці, а таксама з радасцю, што курс працягвае развівацца ў нашай краіне.
На працягу трох дзён вядучыя і ўдзельнікі курса праводзілі гутаркі, разважалі, дзяліліся досведам свайго хрысціянскага жыцця. Сустрэча ўключала таксама сумесныя малітвы, Эўхарыстыю і адарацыю.
Важнай падзеяй для ўдзельнікаў стала прысутнасць на сустрэчы біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які прыбыў у суправаджэнні Генеральнага вікарыя дыяцэзіі, ксяндза каноніка Аляксандра Мацкевіча, канцлера Гродзенскай курыі.
Канцлер прачытаў дэкрэт аб заснаванні «Маленькага курса хрысціянскага жыцця» і зацвярджэнні яго статуту ў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама дэкрэт, паводле якога дыяцэзіяльным асістэнтам курсу быў прызначаны ксёндз Міхал Васількевіч.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў удзельнікам сустрэчы крыжы на знак таго, што яны — сведкі Хрыста і актыўна ўключаны ў будаўніцтва хрысціянскіх супольнасцяў. Іерарх таксама звярнуўся да іх са словамі настаўлення. Прысутныя атрымалі ад біскупа апостальскае благаслаўленне, пасля чаго адбылося іх місійнае рассыланне.