Пошук

24.10.2023 13:04   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская / Фота: Максім Ахінька / Catholic.by

У панядзелак 23 кастрычніка падчас святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылося ўвядзенне трох новых канонікаў у склад Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстую цэлебрацыю з гэтай нагоды ў прысутнасці членаў Капітулу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Арцыпастыр афіцыйна ўвёў у склад Капітула трох раней прызначаных канонікамі святароў: афіцыяла Касцёльнага суда ксяндза Кірыла Бардонава, асабістага сакратара арцыбіскупа Станеўскага ксяндза Юрыя Ясевіча і пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве (Мядзельскі дэканат) ксяндза Алега Мурзіча, аднакурсніка арцыбіскупа па духоўнай семінарыі ў Гродне.

Вітаючы напачатку прысутных, арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што асабістыя заслугі новапрызначаных канонікаў перад Касцёлам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сведчаць пра тое, што яны заслужана стануць годнымі членамі Мінскага катэдральнага капітула.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў ксёндз Кірыл Бардонаў, адзін з новапрызначаных канонікаў.

«Сёння мы ўдзельнічаем у Імшы, падчас якой у катэдральны капітул былі ўведзеныя новыя канонікі.

Калі я спытаўся ў аднаго манаха, што сказаць падчас казання на гэтай Імшы, ён прапанаваў звярнуць увагу на тое, што годнасць каноніка даецца не толькі, каб парадаваць і адзначыць нейкага святара, а таксама для яшчэ большай мабілізацыі таго, што на лаціне называецца sentire cum Еcclesia — думаць, адчуваць разам з Касцёлам, — а не падпітваць сваю пыху і самаўпэўненеасць. <…> Мы думаем і адчуваем разам з Касцёлам, калі кансалідуемся паміж братамі ў святарстве і вакол дыяэзіяльнага біскупа, пазбягаючы духу канкурэнцыі. Мы ўсе запрошаны дзяліцца нашымі благаслаўленнямі з іншымі, таму што ўсе гэтыя рэчы былі пазычаны нам Богам, і мы нясем адказнасць за іх выкарыстанне», — падкрэсліў новы ксёндз канонік.

Сёння ў склад Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай, дэканам якога з’яўляецца ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, уваходзяць восем грэміяльных і чатырнаццаць ганаровых канонікаў.

Абноўлена 24.10.2023 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.