У кастрычніку ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску выстаўлена для агляду ўнікальная калекцыя абразоў «Нябесная варта Беларусі».
Як паведамляецца на старонцы Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай Samaranin.by, у экспазіцыі прадстаўлены абразы, перад якімі больш за сотню гадоў звярталіся да Бога з самымі патаемнымі думкамі і просьбамі нашыя продкі.
На абразах выявы Хрыста, Панны Марыі, святога Мікалая і святога Юрыя.
Гэта нябеснае войска, на якое ва ўсе часы спадзяваўся беларускі народ. Абліччы святых глядзяць з ліштваў (мастацкі элемент вонкавага аздаблення сялянскай хаты), нібы з вокнаў беларускіх хат.
Ліштвы паходзяць з Гомеля і з вёскі Кудрычы Пінскага раёна. Апошняя мясціна знаходзіцца ўсяго ў дзясятку кіламетраў ад аднаго з гістарычных цэнтраў дзейнасці на Палессі сясцёр уршулянак — вёскі Гарадзішча. Таму размяшчэнне ліштваў у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, якім апякуюцца сёстры ўршулянкі, з’яўляецца сімвалічным. У старых куфрах, якія ператварыліся ў музейныя вітрыны, размешчаны матэрыялы па гісторыі дзейнасці ўршулянак на беларускіх землях.
Пярлінай выстаўленай у цэнтры калекцыі з’яўляецца ўнікальны храмавы абраз XVIII стагоддзя з Кобрынскага раёна, які ў савецкія часы некалькі дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся ў якасці дошкі ў сцяне звычайнай хаты. З Добрушскага раёна паходзіць абраз Панны Марыі з немаўляткам Езусам і Янам Хрысціцелем — своеасаблівая народная копія славутага твора Рафаэля Madonna della sedia — «Мадонна на крэсле».
Цікавасць прадстаўляе і абраз Траеручыцы Панны Марыі з Хрыстом з вёскі Хальч Веткаўскага раёна. На іконе відаць ранейшы малюнак абраза святога Мікалая: пад больш познім жывапісам праглядаецца аблачэнне славутага біскупа. Цікавымі абразамі з’яўляюцца таксама «Неапалімая Купіна», святая Барбара, прарок Ілля, каранаванне Дзевы Марыі і многія іншыя.
Можна сцвярджаць, што абразы і ліштвы — уратаваная спадчына. Творы знаходзіліся ў кепскім стане, аднак праведзеныя кансервацыя і рэстаўрацыя дазволілі вярнуць і падкрэсліць прыгажосць твораў беларускага мастацтва.
Экспазіцыя аздоблена народнымі ручнікамі, якія паходзяць з розных мясцін Беларусі.
Арганізатары культурнай імпрэзы запрашаюць усіх ахвотных наведаць экспазіцыю, дзе можна пачуць цікавы аповед пра ўнікальныя рарытэты ад вядучага навуковага супрацоўніка Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай, куратара экспазіцыі Паўла Каралёва. Наведвальнікі змогуць далучыцца і да справы стварэння рукапіснай Бібліі.
Дадатковая інфармацыя і запіс:
- +375 (17) 343 99 17
- +375 (44) 770 09 01 – Рэцэпцыя
e-mail: samaranin16@gmail.com
Адрас: г. Мінск, Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, вул. Серафімовіча, 19.