Пошук

13.10.2023 19:37   Паводле: Catholicnews.by / Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

12 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебскі дэканат) адбылася пастырская сустрэча біскупа Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, пастырская сустрэча біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі распачалася з канферэнцый.

Доктар тэалогіі, пробашч катэдральнага касцёла ў Віцебску ксёндз Валерый Марціноўскі закрануў са святарамі тэму «Духоўнае айцоўства ў святарстве» і прапанаваў прысутным паразважаць над пытаннем «што значыць нараджаць дзяцей для Хрыста?».

«Найперш, гэта праца Духа Святога ў сэрцы святара, вызваленне ад эгацэнтрычнай адзіноты», 

— падсумаваў прамоўца.

Для законных сясцёр ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ выступіў з прамовай пра фармацыю кансэкраванай асобы, разгледзеў розныя элементы клопату пра сябе і развіццё ў розных кірунках.

Адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ў цішыні, асабліва ў кастрычніку, заахвоціла шматлікіх прысутных дастаць з кішэні ружанец і ўзнесці свае малітвы і падзякі праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падчас святой Імшы біскуп Буткевіч прывітаў на сустрэчы супрацоўніка Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі ксяндза прэлата Аляксандра Рагіню, які падчас адпачынку прыехаў на Радзіму.

На заканчэнне сустрэчы, падчас розных аб’яваў, біскуп Алег Буткевіч заахвоціў далучыцца да сусветнай ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца на ружанцы», якая пройдзе 18 кастрычніка.

Тэлемост злучыць усе дыяцэзіі нашай краіны а 18-й гадзіне на супольную малітву самых маленькіх беларусаў.

Віцебскую дыяцэзію ў гэтым годзе будзе прадстаўляць браслаўская парафія.

 

Абноўлена 13.10.2023 22:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа