18 кастрычніка ў Беларусі пройдзе малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы».
Як паведамляецца на сайце дабрачыннай мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай Samaranin.by, яна ўжо чацвёрты год арганізуе малітоўнае чуванне з удзелам дзетак. Сёлета арганізатары зноў хочуць аб’яднаць дзяцей з Беларусі і супольна далучыцца да сусветнага дня малітвы аб міры і еднасці ва ўсім свеце.
«Шчырая дзіцячая малітва, якая праслаўляе Бога, самая чыстая. Такі зварот неадкладна будзе пачуты Богам, бо ён будзе ісці ад самага сэрца», — упэўнены ў місіі Добрага Самараніна.
Дзеці з Беларусі ўжо ўдзельнічалі ў акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» ў 2020, 2021 і 2022 гадах.
Сёлета дзетак і іх бацькоў запрашаюць у Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску (вул. Серафімовіча, 19). Кожны ахвотны зможа далучыцца да анлайн-малітвы: спасылка будзе пададзена ў дзень трансляцыі.
Пра ініцыятыву
Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет. У ружанцовая малітве дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце.
Чаму 18 кастрычніка?
Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка адзначаецца свята святога Лукі, Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай да Маці Божай.