5 кастрычніка, у першы чацвер месяца, у касцёле святога Юзафа ў Маладзечне адбылася пастрыская сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Распачаўся дзень малітоўнага засяроджання супольнай Літургіяй гадзінаў, пасля чаго аскетычную канферэнцыю прамовіў духоўны айцец святароў Магілёўскага рэгіёна архідыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Далянскі. Святар прапанаваў евангельскія тэксты для разважання пра стыль душпастырства Езуса і Яго апосталаў, заахвоціўшы святароў параўнаць з ім як з узорам сваё ўласнае служэнне.
Узгадаўшы тэму душпастырскага года ў беларускіх дыяцэзіях — «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі» — духоўны айцец заўважыў, што, разам з пашырэннем ролі свецкіх у жыцці касцёльных супольнасцяў, ёсць пэўныя функцыі, якія павінны выконваць духоўныя асобы, і ў гэтым іх ніхто не зможа замяніць.
Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту арцыбіскуп Станеўскі прапанаваў удзельнікам сустрэчы ў ружанцовы месяц супольна памаліцца Ружанец.
Апоўдні распачалася святая Імша, якую канцэлебравалі ўсе прысутныя святары на чале з арцыпастырам. Напачатку ўсіх прысутных прывітаў гасцінны гаспадар, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат, канонік грэміяльны Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які сёлета адзначыў 70-годдзе з дня нараджэння і 45-годдзе святарства.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў канцлер Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі. Святар засяродзіўся на тэме паклікання і святарскага служэння на падставе тэкстаў літургічных чытанняў.
Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, на якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пазнаёміў духавенства і кансэкраваных асоб з асноўнымі падзеямі ў жыцці паўсюднага і мясцовага Касцёла за апошні час.
Напрыканцы сустрэчы ксёндз Эдмунд запрасіў усіх удзельнікаў на супольны пасілак, старанна прыгатаваны яго парафіянамі.