25 і 26 верасня ў кляштары Місіянераў Божага Слова ў Баранавічах адбылася сустрэча кансэкраваных асоб узроставай катэгорыі 40+, якая праходзіла пад дэвізам «Энтузіязм паклікання» ў межах праграмы пастаяннай фармацыі, распрацаванай Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў Беларусі.
У першы дзень удзельнікі, якія з’ехаліся з розных куткоў нашай краіны, знаёміліся пры каве і гарбаце.
У сустрэчы ў Баранавічах узялі ўдзел 32 кансэкраваныя асобы.
Пасля знаёмства ксёндз Ян Кузюк падзяліўся з сабранымі досведам працы сярод глухіх. Святар распавёў пра псіхалогію адносін з тымі, хто не чуе, а таксама адкрыў нюансы служэння сярод людзей з такой асаблівасццю. Гэтая форма душпастырства яшчэ мала практыкуецца ў беларускім Касцёле, але ўжо робяцца канкрэтныя крокі ў гэтай сферы. Для таго, каб абвяшчаць Езуса людзям з парушэннямі слыху на іхняй мове, таксама неабходныя энтузіясты. Душпастыру глухіх і людзей са слабым слыхам удзельнікі сустрэчы задавалі шмат пытанняў, а таксама дзяліліся з ім сваімі думкамі.
Наступным пунктам першага дня сустрэчы стала супольная малітва ў капліцы, дзе адбылася цэлебрацыя Эўхарыстыю, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх адзначыў, што другая палова жыцця, якая распачынаецца пасля 40-годдзя, не павінна быць пазначана песімізмам і меншай актыўнасццю, чым першая.
Арцыпастыр выказаў сваё задавальненне тым, што ўдзельнікі сустрэчы «тых, каму за сорак», памятаюць пра энтузіязм паклікання да кансэкраванага жыцця, дадаўшы, што манаскія асобы маюць асаблівую ролю і заданне быць носьбітамі Хрыстовага святла. Прысутныя пачулі з вуснаў іерарха заахвочванне не баяцца выклікаў сучаснаці, а напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч параіў удзельнікам, нягледзячы на ўзрост і вопыт, ніколі не пераставаць удасканальвацца ў духоўнасці і душпастырстве дзеля дынамічнага адраджэння Касцёла.
Пасля Імшы і супольнага абеду ўдзельнікам былі прадстаўлены дзве прэзентацыі ў форме мультымедыйных медытацый з тэкстамі і музыкай, падрыхтаваныя сястрой з Шэнштадскага інстытута.
Першая з іх датычылася духоўнага аспекту жыцця кансэкраванай асобы, якая павінна перадусім глядзець на Хрыста, а пасля 40-а гадоў намагацца ўвайсці ў глыб сябе і клапаціцца пра якасныя адносіны з Богам, пра сферу маўчання, кляўзуры, вучыцца разам з Ім перажываць свае няўдачы і паразы, асабліва праз сумленную споведзь і глыбокае перажыванне святой Камуніі.
Другая закранала псіхалагічныя аспекты і стала своеасаблівым медытацыйным заахвочваннем да таго, каб паклапаціцца пра сферу свайго цела, эфектыўнага адпачынку, знешні выгляд, фізічную актыўнасць, перажыванне сваёй адзіноты; каб прыгледзецца да механізмаў кампенсацыі і вучыцца адказна ўваходзіць у добрыя зносіны з людзьмі, а таксама ўмела перажываць як манаская асоба сваё кансэкраванае мацярынства і айцоўства.
Напрыканцы аўтарка прэзентацый выканала свой твор «спяванай паэзіі», у якім адкрыла асабістыя зносіны з Богам, клопаты і складанасці штодзённасці, што становяцца зместам малітвы.
Пасля супольнай малітвы Нешпарамі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам удзельнікі сабраліся за супольным сталом на вячэру, якая паступова перайшла ў «Вечар энтузіязму».
Кансэкраваныя асобы падрыхтавалі прэзентацыю свайго хобі і заняткаў, якія дапамагаюць крэатыўна адпачываць.
Дзень скончыўся асабістай малітвай, а з раніцы другога дня ўдзельнікі сустрэліся ў капліцы на Эўхарыстыі, спалучанай з Ютранню. Пасля снедання усёй супольнасцю наведвалі праваслаўны манастыр і семінарыю ў Жыровічах. Кансэкраваныя асобы мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй гэтага асаблівага месца хрысціянскага культу на беларускай зямлі і памаліцца перад цудадзейнай іконай Маці Божай Жыровіцкай.