23 верасня, ва ўспамін святога айца Піо з П’етрэльчыны, у парафіяльным касцёле святога Антонія Падуанскага ў Мінску адбылася першая ў бягучым годзе сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сустрэча распачалася тэматычнай канферэнцыяй, якую правёў ксёндз Павел Эйсмант, архідыяцэзіяльны каардынатар руху.
У прамове святара ключавым словам стаў старажытнагрэчаскі тэрмін архэ, які азначае пачатак, першапрычыну сусвету. Ксёндз Павел распавёў, што такія філосафы, як Анаксімандр, Фалес, Піфагор і іншыя, шукалі першую прычыну ў матэрыяльным свеце.
«Нам, хрысціянам, не трэба ўжо яе шукаць, бо мы добра ведаем, Хто ёсць Першай Прычынай існавання свету — гэта Бог Стварыцель»,
— адзначыў святар.
Ксёндз Павел падзяліўся меркаваннем, што трэба рабіць святарам і манаскім асобам падчас перажывання асаблівых выпрабаванняў, спакушэнняў і унутраных праблем.
«Варта не толькі падтрымліваць духоўнае жыццё, але вярнуцца да свайго архэ, гэта значыць да пачатку паклікання, да энтузіязму першых гадоў святарства ці манаства, каб „запаліць“ у сабе згаслы агеньчык руплівасці ў служэнні»,
— параіў ксёндз Павел.
Каардынатар руху нагадаў прысутным, што малітоўнай падтрымкі патрабуе кожны святар і манаская асоба, таму што іх жыццё напоўнена выпрабаваннямі веры і крызісамі.
Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі апостальскага руху «Маргарытка» з мінскіх парафій, а таксама з Барысава і Стоўбцаў
Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой прысутныя маліліся на ружанцы за святароў і кансэкраваных асоб.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Павел Федаровіч MIC. У гаміліі, якую прамовіў ксёндз Павел Эйсмант, прагучала разважанне аб неабходнасці мужнага знясення цярпенняў па прыкладу святога Піо з П’етрэльчыны, а таксама іх ахвяравання за святароў і манаскіх асоб.
Пасля святой Імшы прысутныя ўдзельнікі руху сустрэліся за супольным сталом, каб абмеркаваць планы.
Сустрэчы апостальскага руху «Маргарытка» будуць адбывацца ў кожную трэцюю суботу месяца ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.
Чарговая сустрэча адбудзецца 21 кастрычніка, пачатак а 10-й гадзіне.