Пошук

15.06.2021 10:31   Тэкст: кс. Сяргей Пекачаў / Фота: з архіву парафіі / Catholic.by

13 чэрвеня ў парафіі святога Антонія, што ў мікрараёне Малінаўка ў Мінску, адбылася ўрачыстасць тытулу касцёла, ў якой узяў удзел Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Паказальна, што найстарэйшы каталіцкі біскуп у Беларусі не абмежаваўся ўдзелам толькі ў адной урачыстай цэлебрацыі.

На працягу ўсяго дня іерарх маліўся з вернікамі маладой малінаўскай парафіі: прамаўляў Божае слова на чатырох Імшах, спавядаў і благаслаўляў парафіянаў.

Многія вернікі, у тым ліку і з іншых парафій, спецыяльна ў гэты дзень наведалі касцёл святога Антонія, каб прывітаць свайго пастыра і паслухаць яго казанні.

Проста і даступна, на жыццёвых і літаратурных прыкладах біскуп Казімір Велікаселец тлумачыў Слова Божае, сілай сваёй малітвы ўсяляючы ў людзях надзею на духоўнае аднаўленне.

5 мая 2019 года у святыні адбылася першая святая Імша пасля «пераезду» з будынку раённага ЖЭСа. На сённяшні дзень дзякуючы ахвяраванням парафіянаў і дабрачынцаў у справе будаўніцтва святыні зроблена ўжо вельмі шмат: незадоўга да урачыстасці былі пабеленыя сцены касцёла, праведзеныя камунікацыі. Неўзабаве вернікаў будзе сустракаць і аздоблены фасад будынка.

Біскуп Казімір Велікаселец наведаў новапабудаваны касцёл святога Антонія ўпершыню.

Усе чатыры ўрачыстыя Імшы з яго ўдзелам былі ўпрыгожаныя спевамі ў суправаджэнні розных арганістаў Мінска. Асабліва парадаваў вернікаў дзіцячы хор «Міхаэлькі» з парафіі ў Лошыцы, які завітаў ў касцёл увечары.

Біскуп Казімір Велікаселец выказаў надзею на далейшае паспяховае развіццё маладой сталічнай парафіі, апекуном якой з’яўляецца святы Антоній.

Абноўлена 15.06.2021 10:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.