Пошук

21.09.2023 18:20   Тэкст і фота: Жанна Закрэўская / Kascelmery.by / Відэа: Kascelmery.by

17 верасня ў Дзісне (Віцебская дыяцэзія, Мёрскі дэканат) прайшлі ўрачыстасці з нагоды 250-годдзя будаўніцтва касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. 

Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах kascelmery.by, святкаванне распачалося з гістарычнага экскурсу. З няпростым лёсам святыні апавяла прысутным старшыня парафіяльнай рады Ірына Маслёнак.

Удзел ва ўрачыстасці ў Дзісне прыняў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які узначаліў канцэлебраваную святую Імшу.

У сваёй гаміліі, разважаючы над гісторыяй святыні, пастыр заахвоціў задумацца над тым, для чаго чалавеку патрэбна вера.

«Найважнейшая роля веры і Касцёла заключаецца ва ўдзяленні святых сакрамантаў, якія магчымыя дзякуючы збаўчай місіі Хрыста.  Вера і Касцёл для нашых продкаў былі вельмі важнай справай. Адсюль будавалася наша традыцыя, у якой мы ўзрасталі.

Сёння варта захоўваць памяць пра нашы карані, каб яна давала плён. Каб мы разумелі, што вера — гэта фундамент жыцця чалавека, без якога няма будучыні, 

— падкрэсліў іерарх.

Урачыстую святую Імшу ўпрыгожылі сваімі спевамі вернікі з Наваполацка. У Літургіі прынялі ўдзел святары, якія ў розны час працавалі ў Дзісне і займаліся аднаўленнем святыні: ксёндз Андрэй Кулік, дэкан Мёрскі, ксёндз Вячаслаў Адамовіч з Ідолты, ксёндз Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска і ксёндз Іван Кароткін з Лужкоў.

На свята сабралася вялікая колькасць мясцовых парафіянаў і гасцей.

Маленькая каплічка не змагла ўсіх змясціць, аднак гэта не перашкодзіла вернікам годна прыняць удзел у Эўхарыстыі.

Парафія ў Дзісне ўзнікла ў 1583 годзе, калі польскі кароль Стэфан Баторый, пасля паспяховага ваеннага паходу на Полацк, аддаў гэтую тэрыторыю езуітам.

У 1630-ым годзе мясцовы землеўладальнік Кшыштаф Малькевіч-Хялкоўскі запрасіў у Дзісну айцоў-францішканаў. Ён перадаў ім маёнтак Клімаўшчына, што знаходзіўся за Дзвіной, і пабудаваў для манахаў кляштар з касцёлам і званіцай. Гэта былі драўляныя будынкі, якія стаялі непасрэдна ля берага Дзвіны.

У 1773-ым годзе францішкане распачалі будову новага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта быў мураваны будынак са сценамі паўтараметровай таўшчыні, памерамі 35 на 16 метраў. Касцёл меў адзін галоўны і чатыры бакавыя алтары.

За 250 гадоў святыня перажыла часы росквіту і заняпаду.

Падчас Другой сусветнай вайны касцёл быў сур'ёзна пашкоджаны, аднак святыня выстаяла. У 1958-ым годзе ўладамі была зроблена спроба зусім знішчыць будынак касцёла. Аднак моцны зарад разбурыў толькі галоўны фасад. Доўгі час святыня знаходзілася ў занядбаным стане.

У 2003г. была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца. Яна і дагэтуль з'яўляецца месцам малітвы.

 

Абноўлена 21.09.2023 21:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа