У кожнага чалавека ёсць сваё хобі, ёсць яно і ў святароў. Хтосьці збірае старыя кніжкі, хтосьці займаецца нейкім відам спорту, хтосьці ходзіць на паляванне…
Пачуўшы, што ксёндз Вячаслаў Адамовіч сур’ёзна захапляецца стэндавым мадэлізмам, мы разам з сябрам-журналістам з Мінска Змітром Бартосікам завіталі да яго ў Дзісну — самы маленькі горад Беларусі, каб паразмаўляць пра любімы занятак ксяндза. І не толькі.
— Чаму менавіта танкі? Гэта ж машына, створаная для забойства?
— Сапраўды, гэта так. Але, з іншага боку, гэта таксама машына, якая створана для абароны. Тут як кій, што мае два канцы.
Я ж не збіраю сапраўдны танк, які будзе забіваць людзей. Гэта проста мадэлізм. А ў ім пераважае ваенная тэхніка, гэта найбольш папулярны кірунак у мадэлізме.
Можа, таму, што для вайсковай тэхнікі выкарыстоўваюцца найлепшыя навуковыя распрацоўкі. Ёсць таксама і грамадзянскія аўтамабілі, і гоначныя, і матацыклы людзі збіраюць, і караблі. Ветразевыя, напрыклад. Але каб збіраць гэтыя прыгожыя паруснікі, трэба мець шмат досведу і адпаведныя рукі. Бо патрэбны вялікі талент, каб сабраць сапраўдную мадэль карабля.
— Што Вам дае такое захапленне?
— Гэтае хобі вельмі прыемнае для чалавека, бо вучыць нейкаму супакою. Адпачываеш ад іншых спраў і займаешся канкрэтна гэтым. Калі ты сядаеш і гадзінамі прыклейваеш нейкія маленькія дэталі, то напачатку гэта раз’юшвае, псуе нервы. Але пазней чалавек супакойваецца, уваходзіць у стан своеасаблівай медытацыі і пачынае адпачываць, расслабляцца. І яму робіцца прыемна гэтым займацца.
Пра свае мадэлі ксёндз Вячаслаў можа распавядаць вельмі натхнёна. Адразу відаць, што ён гэты занятак любіць і ў падобнай тэме мае ўжо добры досвед.
— Вось танк Т-34, адзін з самых легендарных. Яго мы маем амаль у кожным горадзе. Адзін з такіх танкаў можна ўбачыць у фільме «Чорная бяроза», які здымаўся тут, у Дзісне. Зараз ён стаіць у Полацку на кальцы. Хаця школьнікам усім распавядаюць, што гэта менавіта першы танк, які ўварваўся ў Полацк, каб яго вызваліць. Але згаданая машына была ў Дзісне, нават каля нашай святыні праязджала.
— Як ставяцца знаёмыя да такога Вашага захаплення?
— Як я толькі пачаў гэтым займацца, адзін з маіх сяброў сказаў, маўляў, здзяцінеў чалавек. Але сабраць такую мадэль, добра яе пафарбаваць, аздобіць адпаведнымі эфектамі — гэта не кожнае дзіця зробіць, асабліва без дапамогі дарослых. Плюс такое хобі не таннае.
Кожны свой час прысвячае таму, што любіць. Я, напрыклад, не разумею тых, хто на рыбалку ходзіць. Як можна ўвесь дзень выседзець на холадзе і, вылупіўшы вочы, на паплавок глядзець?! І яшчэ не злавіць нічога… Але ж чалавеку гэта падабаецца, ён так адпачывае. Тое ж іншыя могуць сказаць і пра маё хобі: сядзіць чалавек, клеіць нейкія пластмасавыя дэталькі, і для чаго гэта ён робіць? [...]
Матэрыял цалкам чытайце на Catholicnews.by