
Шаноўная спадарыня Аліна Новікава!
Ад свайго ўласнага імя, а таксама ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсяго вернага народа мясцовага Касцёла маю гонар выказаць самыя сардэчныя віншаванні з нагоды дня Вашага нараджэння — юбілею 70-годдзя.
Прыміце словы ўдзячнасці за Вашае служэнне Касцёлу ў Беларусі, за Ваш вялікі ўклад у справу распаўсюджвання Добрай весткі на роднай мове.
Адзін з беларускіх іерархаў назваў Вас і супрацоўнікаў выдавецтва «Pro Christo» «першапраходцамі ў справе евангелізацыі ў медыяпрасторы». Гэтыя словы маюць пад сабой канкрэтны фундамент у выглядзе справаў, якія Вам з Божай дапамогай і пры падтрымцы Касцёла ўдалося рэалізаваць.
Вы стаялі ля вытокаў выдання рэлігійнай літаратуры на беларускай мове, а таксама каталіцкай выдавецкай працы. Вы далі пачатак існаванню такіх вядомых нам сёння выданняў, як «Дыялог», «Наша вера» і «Ave Maria». А ў заснаваным Вамі выдавецтве «Pro Christo», шматгадовым дырэктарам якога Вы з’яўляецеся, пабачыла свет не адна сотня найменняў выданняў, сярод якіх малітоўнікі, дакументы Касцёла, календары і нават галоўная літургічная кніга — Рымскі Імшал. Усё гэта дапамагае людзям знайсці сваю сцяжыну да Бога.
Апроч выдавецкай, Вы займаецеся актыўнай душпастырскай дзейнасцю, з’яўляючыся аніматарам малітоўнага руху Апостальства дапамогі душам чысцовым. Дзякуючы Вашым намаганням штораз больш вернікаў далучаецца да справы малітоўнай дапамогі церпячым у чысцы, усведамляючы сабе і іншым вялікую патрэбу такой малітвы.
За Вашу руплівую дзейнасць у справе евангелізацыі і служэння бліжнім у 2012 годзе Папа Бэнэдыкт XVI узнагародзіў Вас медалём за заслугі перад Касцёлам Benemerenti, што з’яўляецца выразам удзячнасці за Вашае няспыннае і адданае служэнне Касцёлу.
Няхай Пан Бог, у Тройцы Адзіны, адорвае Вас шчодрымі ласкамі, каб сваім служэннем Вы надалей будавалі Божае Валадарства ў сэрцах і розумах людзей, а Найсвяцейшая Панна Марыя няхай сваёю апекаю атуляе Вас і вядзе бяспечнымі шляхамі да Яе Сына, нашага Валадара і Збаўцы. Няхай Яна дапаможа вам пераадолець ўсе цяжкасці і перашкоды і дабіцца новых поспехаў у справе евангелізацыі ў інфармацыйнай прасторы.
На новы плённы этап служэння дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла шчырым сэрцам благаслаўляю
у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 02.04.2025
P. S. Рэдакцыя Catholic.by далучаецца да віншаванняў іерарха і жадае спадарыні Аліне святла Духа Святога, моцнага здароўя і новых поспехаў у інфармацыйным і душпастырскім служэнні.



