У сераду 16 верасня ва ўзросце 77 гадоў адышоў у вечнасць Леанід Новікаў, муж заснавальніцы і дырэктара каталіцкага выдавецтва Pro Christo Аліны Новікавай. З гэтай сумнай нагоды Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе ў адрас спадарыні Аліны, яе родных і блізкіх, а таксама калег з выдавецтва словы спачування.
Шаноўная спадарыня Аліна Новікава!
З глыбокім смуткам у сэрцы я ўспрыняў вестку пра тое, што сёння ў шпіталі пад Мінскам пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць Ваш муж Леанід.
У гэтую гадзіну цяжкага выпрабавання і глыбокай жалобы ад свайго імя, а таксама ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў мясцовага Касцёла выказваю Вам, Вашым родным і блізкім, а таксама ўсяму калектыву выдавецтва Pro Christo, заснавальніцай і дырэктарам якога Вы з'яўляецеся, самыя шчырыя спачуванні.
Страта спадарожніка жыцця — гэта неапісальны боль, раздзяліць які ў поўнай меры можа толькі Бог. Мы маем надзею, што Ён прыняў душу спачылага Леаніда ў свае айцоўскія абдымкі.
Ваша са святой памяці Леанідам сужанства заўсёды было прыкладам хрысціянскага жыцця людзей, якіх нябачнымі повязямі да канца жыцця перад алтаром звязаў Бог. Вашыя намаганні па выхаванні дваіх дзяцей і дапамозе ў выхаванні васьмярых унукаў, а асабліва догляд Вашага сужонка ў цяжкім стане сведчыць пра Вашу шчырую хрысціянскую любоў, якую святы апостал Павел назваў найвялікшай з усіх цнотаў (пар. 1 Кар 13, 13).
Мы ведаем, якімі крохкімі з’яўляюцца зямныя гліняныя начынні нашага жыцця, але як хрысціяне мы пакліканы глядзець на смерць не з адчаем, а з надзеяй на ўваскрасенне.
Ваш муж завяршыў свой зямны шлях, перанёсшы цяжкія выпрабаванні хваробай, і мы верым, што Міласэрны Пан прыме яго там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу, але жыццё вечнае (пар. Ап 21, 4).
Раздзяляючы з Вамі горыч страты, выпрошваю для Вас і Вашых родных і блізкіх духоўных сіл, моцы веры і суцяшэння, якое можа даць толькі Дух Святы. Няхай Вашая адданасць служэнню Касцёлу праз слова і кнігу стане для Вас апораю ў гэтыя нялёгкія дні, а добры Бог няхай сам будзе для Вас суцяшэннем.
Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць. Няхай адпачывае ў спакоі. Амэн.
З малітоўнай памяццю,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 16.09.2026 г.
Ва ўспамін св. Карнэлія і св. Кіпрыяна, мучанікаў







