У суботу 16 верасня ў парафіі святога Францішка Асізскага, што ў сталічным мікрараёне Новая Баравая (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, адбылася сустрэча бацькоў прадстаўнікоў гэтай манаскай супольнасці.
Распачалася сустрэча святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Заслужаны іерарх скіраваў да ўдзельнікаў сустрэчы словы, напоўненыя павагай, падкрэсліўшы важнасць сям’і ў выхаванні хрысціяніна.
«У зямным жыцці сям’я з’яўляецца нібы правобразам Божай супольнасці. Касцёл у цэлым — гэта вялікая супольнасць, а сям’я кожнага з нас — гэта невялікая складаная адной магутнай хрысціянскай еднасці.
Сям’я — гэта своеасаблівая школа жыцця, на падмурку якой будуецца вера чалавека. Веруючая сям’я, у сваю чаргу, утварае малы „хатні Касцёл“, святло якога павінна прыцягваць іншых людзей у супольнасць веры, любові і надзеі», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Пасля Імшы для дарагіх гасцей адбыўся невялічкі канцэрт арганнай музыкі.
Потым супольнасць братоў і іх бацькоў як адна вялікая сям’я сабралася за адным сталом, дзе была магчымасць не толькі падсілкавацца, але таксама паразмаўляць пра жыццё, пазнаёміцца бліжэй адзін з адным.
Працягам дня стала сустрэча ўсёй вялікай капуцынскай сям’і з арцыбіскупам Кандрусевічам, падчас якой арцыпастыр распавёў пра сваё знаёмства з першымі капуцынамі, якія прыйшлі працаваць у Беларусь. Іерарх прызнаўся, што рэкалекцыі перад пасвячэннем у біскупы правёў у доме капуцынаў у Рыме.
Напоўненыя эмоцыямі і прыемнымі ўражаннямі ад сустрэчы, бацькі цёпла развітваліся з сынамі і вярталіся ў родныя мясціны — туды, дзе былі выхаваныя ў любові і веры цяперашнія святары, манахі капуцыны. Менавіта там, у цішыні бацькоўскага дома, нарадзілася і сталела пакліканне кожнага з іх.
Таму падтрыманне сувязі з бацькамі і рэгулярныя сустрэчы з імі — не проста прыгожая традыцыя, але і важная складаная капуцынскай духоўнасці, што мае выразную сямейную рысу.