Пошук

12.09.2023 09:43   Паводле: Алена Пажога / Catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

8 верасня, у свята Нараджэння Маці Божай, удзельнікі апостальскага руху «Маргарытка» з Віцебскай дыяцэзіі сустрэліся ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панным Марыі ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат).

Як паведамляе Catholicnews.by, сабраныя на сустрэчу пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце памаліліся Ружанец у інтэнцыі свецкіх апосталаў і духоўных асоб, якіх яны падтрымліваюць малітвамі. Таксама вернікі прысвяцілі Беззаганнаму Сэрцу Марыі сябе, свае сем’і, парафіі, месцы працы.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім маліліся айцец Яраслаў Банасяк OFMConv, душпастыр у Удзеле, а таксама ксёндз Сяргей Сурыновіч, пробашч з Друі.

Гамілію прамовіў біскуп Буткевіч, які падкрэсліў, наколькі важная роля адведзена Марыі ў ажыццяўленні Божага плану збаўлення чалавецтва.

Іерарх заахвоціў удзельнікаў «Маргарыткі» наследаваць жыццё Панны Марыі, наследаваць Яе цноты: трываласць у малітве, слуханне і захаванне ў сэрцы Божага слова, паслухмянасць Божай волі.

«Пакора — вельмі нялёгкая цнота, бо мы схільныя да помсты. Езус вучыць нас любіць ворагаў, шанаваць кожнае Божае стварэнне. Мы абавязаны абараняць людскую годнасць, бо чалавек — святыня Духа Святога. А Пан Бог справядлівы, таму аддаём усе справы на волю Бога. Таксама неабходна быць удзячнымі Пану Богу за ўсе дары, якія атрымліваем ад Яго.

Варта памятаць, што Бог не дае выпрабаванняў больш, чым можам знесці, і што маем Заступніцу: Найсвяцейшую Панну Марыю», — сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Пасля абеду ўдзельнікам сустрэчы была прапанавана канферэнцыя «Этапы ажыццяўлення плана збаўлення на шляху сінадальнасці», якую падрыхтаваў ксёндз Сяргей Сурыновіч. Святар заўважыў, што, паводле Папы Францішка, «сінадальны шлях — гэта той шлях, якога Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі».

«Ідучы за заклікам Святога Айца, важна, каб кожны вернік, кожны ахрышчаны адчуў адказнасць за лёс Хрыстовага Касцёла і яго збаўчай місіі ў свеце.

Галоўнай задачай Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя. У ёй павінны браць удзел не толькі біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, але і свецкія вернікі. Няхай дзякуючы нашым малітвам за духоўных асоб і актыўнаму ўдзелу ў жыцці Касцёла праз камунію, удзел і місію сучасны Касцёл стане Вячэрнікам новага Спаслання Святога Духа і прывядзе да яго сінадальнага адраджэння», — выказаў пажаданне ксёндз Сяргей Сурыновіч.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.