Пошук

05.09.2023 11:13   Catholic.by

У нядзелю 3 верасня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой на пачатку новага навучальнага і катэхэтычнага года благаславіў дзяцей і школьныя прылады.

У супольнай малітве разам з дзецьмі і іх бацькамі арцыпастыр прасіў Найвышэйшага Настаўніка Езуса Хрыста аб благаслаўленні і дапамозе Духа Святога для ўсіх, хто ўдзельнічае ў працэсе навучання.

«Вось і скончылася лета, ажылі школы і ўніверсітэты, а таксама катэхетычныя класы пры касцёлах. Гэтыя дні асаблівым чынам перажываюць не толькі бацькі, але і педагогі, а з імі і мы, святары і катэхэты. Чалавек — нібы птушка: каб ляцець, трэба мець два крыла: ведаў і духоўнага жыцця», — адзначыў на пачатку Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі.

Ён звярнуў увагу на тое, што важнае месца ў працэсе адукацыі і выхавання дзяцей займае школа і катэхетычны клас. Педагогі, катэхеты, па словах іерарха, — гэта першыя «саюзнікі» бацькоў у гэтай справе. Таму арцыбіскуп заахвоціў бацькоў сапраўды супрацоўнічаць з імі, часта сустракацца, размаўляць, каб разам лепш зразумець дзяцей і развіваць іх індывідуальныя здольнасці і магчымасці.

Адзначыўшы, што шлях выхавання і набыцця ведаў не бывае простым, арцыпастыр заклікаў дзяцей і бацькоў не расчароўвацца няўдачамі як у школе, так і ў духоўным жыцці і набыцці рэлігійных ведаў.

Да дзяцей і студэнтаў арцыбіскуп звярнуўся са словамі настаўлення святога апостала Паўла аб выхаванні і ўзаемаадносінах паміж бацькамі і дзецьмі: «Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. Шануй бацьку свайго і маці — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб ты доўга жыў на зямлі. І вы бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана»(пар. Эф 6, 1–4).

Павіншаваўшы на заканчэнне ўсіх прысутных з нядаўнім Днём ведаў, арцыбіскуп папрасіў Маці Божую аб заступніцтве: «Святая Марыя, Каралева Мудрасці, маліся за нас і навучы нас маліцца за нашых дзяцей і іх настаўнікаў. Не дай ім забыцца пра штодзённую малітву перад вучобай і пасля яе, а таксама ўмела размеркаваць расклад заняткаў так, каб у ім знайшлося месца не толькі на „кружкі“ па інтарэсах, для развіцця здольнасцяў, але і для катэхэзы, і для нядзельняй святой Імшы.

Божа, благаславі нас у гэтым новым 2023–2024 катэхэтычным і навучальным годзе!» — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.