2 верасня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбыўся гістарычны сімпозіум, прысвечаны 225-годдзю з часу заснавання гістарычнай Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.
У ім бралі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне біскуп Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама святары, браты і сёстры законныя, навукоўцы, даследчыкі і свецкія вернікі.
На сімпозіуме таксама прысутнічалі Галоўны равін рэлігійнага аб’яднання супольнасцяў прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч, галоўны муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які ўпершыню асабіста прыбыў у галоўную каталіцкую святыню Мінска.
Напачатку мерапрыемства з прывітальным словам звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі.
Арцыпастыр падзякаваў лідарам асноўных традыцыйных для Беларусі рэлігій, што яны сярод душпастырскіх абавязкаў знайшлі час, каб падзяліць радасць падзеі, якая з’яўляецца набыткам нашай супольнай гісторыі.
Вёў сімпозіум ксёндз канонік Аляксей Раманчук, які спецыялізуецца ў галіне гісторыі Касцёла, а дакладчыкамі выступілі ксёндз доктар Юрый Дрозд, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алена Шымак і сястра доктар Марцэліна Мігач ISSM, кандыдат гістарычных навук.
Увазе прысутных былі прадстаўлены даклады, якія адлюстроўваюць гісторыю Мінскай дыяцэзіі, жыццё яе іерархаў і становішча манаскіх супольнасцяў на гэтай тэрыторыі ў XVIII–XXI стагоддзях.
Першы выступовец, ксёндз доктар Юрый Дрозд, зрабіў кароткі экскурс у гісторыю Мінскай дыяцэзіі, аб стварэнні якой у 1798 годзе абвясціў расійскі імператар Павел І.
Яе кіраўніком быў прызначаны віленскі канонік ксёндз Якуб Дэдэрка, якога пасвяцілі на біскупа ў Полацку. Апостальскі нунцый Лаўрэнцій Літта адпаведнымі дэкрэтамі ўнармаваў гэтую справу з боку кананічнага права, а тагачасны Пантыфік, Папа Пій VI, выдаў булу Maximis undiqæ pressi, якую распачаў шматзначнымі словамі: «Вялікі адусюль ідзе смутак», што адлюстроўвала заклапочанасць Святога Айца тым, што свецкі ўрад празмерна ўмешваўся ў жыццё Касцёла.
Сталіца сучаснай Беларусі напрыканцы XVIII і ў пачатку ХІХ стагоддзяў выглядала як даволі актыўны каталіцкі гарадок. У той час у Мінску пражывала каля шасці тысяч чалавек, пры гэтым было 11 каталіцкіх кляштараў (14 у сучасных межах горада), 7 касцёлаў, 4 уніяцкія царквы, 3 уніяцкія манастыры і толькі адна праваслаўная царква.
Колькасць рыма-каталіцкіх вернікаў у дыяцэзіі таксама была дастаткова высокай. Па розным дадзеным — ад 230 да 300 тысяч чалавек.
Структуры Мінскай дыяцэзіі ў 1798 годзе складалі 10 дэканатаў, 95 парафій, у якіх было 48 касцёлаў і 174 капліцы, 36 мужчынскіх і 5 жаночых кляштараў. У 1803 для пакліканых да Божай службы адчыніла дзверы духоўная семінарыя ў Мінску, з 1829 года распачаў дзейнасць падрыхтоўчы курс для клерыкаў, узровень ведаў якіх быў недастатковы, каб вывучаць прадметы філасофска-тэалагічнага цыклу. Таксама ў гэтыя гады быў створаны катэдральны капітул.
Але з часам лічбы змяняліся, асабліва пасля няўдалых паўстанняў 1830–1831 гадоў, 1863–1864 гадоў і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Сумным вынікам паўстання 1830–31 гадоў стала перадача кляштараў, уніяцкіх і некаторых каталіцкіх святынь у карыстанне Праваслаўнай Царквы. У 1847 годзе паміж папам Грыгорыем XVI і расійскім імператарам Мікалаем І быў падпісаны Канкардат — дакумент, які рэгуляваў прававое становішча Рыма-Каталіцкага Касцёла ў дзяржаве. Але ён не палегчыў жыцця беларускіх католікаў, а толькі замацаваў фактычнае становішча.
Неўзабаве пасля паўстання 1863–64 гадоў Канкардат быў разарваны, у Мінскай дыяцэзіі было скасавана 28 парафій, зачынены 21 філіяльны касцёл і 79 капліц. У аднабаковым парадку царскія ўлады праводзілі рэарганізацыю дыяцэзій.
Толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года стала магчымым зноў рабіць захады па аднаўленні Мінскай дыяцэзіі. 2 лістапада 1917 года на мінскую катэдру быў менаваны новы і чацвёрты ад заснавання дыяцэзіі біскуп — Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Біскуп Лазінскі за час свайго кароткага кіравання Мінскай дыяцэзіяй падвяргаўся арышту і шматлікім ціскам уладаў. Тым не менш яму ўдавалася рабіць пэўныя крокі па арганізацыі дыяцэзіі, паколькі ўлада бальшавікоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі не была яшчэ добра ўмацаванай, а Мінск у 1919–20 гадах знаходзіўся пад кантролем польскіх акупацыйных войскаў.
Пасля заканчэння савецка-польскай вайны і падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе тэрыторыя былой Мінскай губерні была падзелена паміж савецкай дзяржавай і Польшчай. Ад 1926 года і ажно да сваёй смерці ў 1989 годзе клопат аб дыяцэзіі (наколькі гэта было магчыма рабіць, жывучы ў Бельгіі) ажыцяўляў біскуп Баляслаў Слоскан.
У 1989 годзе, калі ў Савецкім Саюзе пачалася «перабудова» і змена адносін да рэлігійных арганізацый, была заснавана Апостальская адміністратура ў Мінску на чале з біскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Пасля заканчэння прамовы да дакладчыка і ўсіх прысутных звярнуўся сведка і непасрэдны ўдзельнік тых падзей — былы Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі (да 1991 года), сённяшні арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Заслужаны іерарх звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на ўсе складанасці часу, Мінская дыяцэзія, нават калі на практыцы не дзейнічала, ніколі не была кананічна скасавана Апостальскай Сталіцай. Пасля арцыбіскуп таксама выказваўся наконт іншых дакладаў, удакладняў некаторыя моманты і дзякаваў навукоўцам за іх унёсак у захаванне гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
У наступным дакладзе кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алена Шымак дапоўніла першага дакладчыка больш падрабязнай інфармацыяй пра былых іерархаў Мінскай дыяцэзіі. Яна пазнаёміла ўдзельнікаў сімпозіума з жыццём першага біскупа гістарычнай Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Якуба Ігнацыя Дэдэркі, а потым яго наступніка — Матэвуша Ліпскага, які кіраваў у сумныя часы пасля паўстання 1830–1831 гадоў.
Новыя цяжкасці пасля наступнага паўстання 1863–1864 гадоў леглі на плечы біскупа Адама Вайткевіча, каноніка Магілёўскага, рэктара Мінскай семінарыі. Ён абараняў святароў, якім пагражала ссылка ў Сібір, выступаў супраць забаронаў, якія супярэчылі праву вызнаваць сваю веру.
Кароткі перыяд у ХХ стагоддзі ў Мінску служыў біскуп Зыгмунт Лазінскі. З яго асобай адкрываецца новая старонка ў жыцці Мінскай дыяцэзіі.
Была адноўлена праца Курыі і семінарыі, на яго вачах адбываліся гістарычныя падзеі фармавання беларускай дзяржаўнасці.
У 1991 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Казіміра Свёнтка. Ва ўзросце 77-і гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітаваў парафіі, устанаўліваў дэканаты, ствараў патрэбныя для Касцёла структуры, бараніў правы вернікаў, склікаў мясцовы Сінод у 1991 годзе, удзельнічаў у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы, а таксама ў міжнародных форумах і канферэнцыях. Кардынал Свёнтэк быў Сведкам веры: ахвярай пераследу Касцёла і актыўным удзельнікам яго адраджэння на землях Беларусі.
«Углядаючыся ў асобы мінскіх іерархаў, можна ўбачыць асаблівую любоў Пана Бога да беларускай зямлі і да кожнага з нас. Бо, прагладаючы год за годам дзейнасць мінскіх біскупаў, можна браць прыклад з іх руплівасці, іх адданасці свайму пакліканню і трываласці ў веры, нягледзячы на змрочныя палітычныя абставіны», — звярнула ўвагу ў сваім дакладзе Алена Шымак.
У дакладзе пра манаскія супольнасці на тэрыторыі сучаснай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў розныя гістарычныя перыяды сястра Марцэліна Мігач ISSM параўнала жыццё законнікаў з прылівамі і адлівамі мора.
Дакладчыца прадставіла агляд дзейнасці манаскіх супольнасцяў, у якім былі прадстаўлены часы росквіту і развіцця, потым разбурэння і заняпаду дасягненняў, ажно да новай хвалі развіцця.
У сваім дакладзе сястра Марцэліна працытавала словы Эклезіяста: «Ён усё зрабіў добрым у свой час; таксама вечнасць Ён паклаў у іхнія сэрцы, але чалавек не можа зразумець справаў, якія ўчыніў Бог ад пачатку і аж да канца».