Пошук

11.08.2023 08:28   Тэкст: Марыя Станчык / Фота: Юлія Радзевіч / Catholic.by

З 1 па 6 жніўня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) праходзілі курсы-рэкалекцыі на тэму «Духоўнасць у сям’і» для сямейных кансультантаў і тых, хто рыхтуецца імі стаць, а таксама для ўсіх зацікаўленых асоб.

Гэтыя духоўныя практыкаванні былі арганізаваныя па ініцыятыве Рады па справах сям’і пры канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Лекцыі для ўдзельнікаў праводзіў айцец Аркадзь Куляха, кармэліт босы, а трэнінгі — сястра Барбара Сайнок, францішканка ад церпячых.

Рэкалекцыі распачаліся са знаёмства ўдзельнікаў, якіх турбавалі падобныя пытанні: чаго я жадаю ад жыцця? чаго хоча ад мяне Бога? як знайсці апору ў сабе? як прыняць сябе? як будаваць адносіны з іншым чалавекам у сям’і? Падчас духоўных практыкаванняў многім удалося знайсці адказы на гэтыя пытанні і вызначыцца з кірункам, у якім неабходна весці працу над сабой.

Айцец Аркадзь у лекцыях пазнаёміў удзельнікаў з шэрагам аспектаў духоўнасці ў сям’і на падчтаве дакументаў Касцёла на гэтую тэму. Кармэліт звярнуў увагу на паглыбленне камуніі з Богам і будаванне адносін з іншай асобай; растлумачыў, якім павінна быць каханне; распавёў пра тое, як перажываць Эўхарыстыю ў сям’і, пра ласку і Божыя дары, а таксама закрануў шэраг іншых пытанняў.

У межах аднаго з пунктаў праграмы рэкалекцый пад назваю «100 пытанняў да…» ўдзельнікі мелі магчымасць задаць пытанні айцу Аркадзю і сястры Барбары і атрымаць на іх адказ.

Пытанні датычыліся веры, выхавання, шлюбу, споведзі, прабачэння, святой Імшы, а таксама некаторых негатыўных рэчаў, у прыватнасці, магіі.

На занятках-трэнінгах сястра Барбара вучыла ўдзельнікаў рэкалекцый, як правільна вызначаць мэту, паэтапна яе дасягаць і прыйсці да жаданага выніку. Яшчэ адзін важны трэнінг датычыўся пабудовы асабістых межаў. Сястра паказала, як сябе пазнаваць, як сябе адстойваць, як будаваць адносіны з сабою і з іншым чалавекам, як умець сказаць «не» такім чынам, каб не пакрыўдзіць іншага чалавека і не пашкодзіць сабе.

Праца ў групах на трэнінгу ў сястры Барбары дапамагла ўдзельнікам нанава паглядзець на свае жыццёвыя этапы, расказаць пра тое, што яны адчуваюць, убачыць сваё месца ў сям’і, падумаць пра свае перажыванні і пра тое, як з імі даваць рады.

Падчас супольных цэлебрацый Эўхарыстыі айцец Аркадзь дзяліўся Божым словам, а таксама казаў пра святкаванне ў сям’і, пра ўнутраныя і знешнія змены, пра важнасць удзелу ў святой Імшы ў касцёле.

Многія ўдзельнікі рэкалекцый былі на духоўных практыкаваннях разам з сем’ямі, некаторыя з дзецьмі.

Дзякуючы добрай арганізацыі, хапала часу як на лекцыі, трэнінгі і адказы на пытанні, так і на размовы паміж сабой, перапынкі на каву, на ўдзел у святой Імшы і малітоўнае засяроджанне ў самоце, каб асэнсаваць і ўсвядоміць, што адбывалася на працягу кожнага насычанага дня духоўных практыкаванняў.

Заканчэнне таксама было «прыгожым»: сястра Барбара падзялілася з удзельнікамі, што было важным на рэкалекцыях для яе, а потым яны самі падзяліліся з іншымі сваімі ўражаннямі і тым, што ўбачылі за гэты час у сабе і ў іншым чалавеку.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця