29 ліпеня ў касцёл святога Арханёла Міхала ў Навагрудку былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак, мучаніц, якія аддалі сваё жыццё падчас Другой сусветнай вайны.
Разам з рэліківіямі ў святыні былі выстаўлены выявы сясцёр мучаніц і звязаных з імі асоб.
Унясенне рэліквій здзейсніла сястра Філатэя Ціхановіч CSFN, правінцыйная настаяцельніца сясцёр назарэтанак у Беларусі, разам з сястрой Лаўрай Шукеловіч CSFN, якая пазнаёміла сабраных у святыні з гісторыяй мучаніцтва сясцёр.
Урачыстую цэлебрацыю, якая распачалася апоўдні, узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі ён падкрэсліў, што сваім подзвігам назарэтанкі мучаніцы з Навагрудка пацвердзілі словы Хрыста, што няма большай любові, калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжніх. «Сёстры загінулі, але жыццё засталося і прадаўжаецца. Хрыстус кажа, што калі зерне ўпадзе ў зямлю і памрэ, то прынясе плён.
Навагрудскія мучаніцы прынеслі багаты плён духоўнага жыцця. Якім жа важным было іх сведчанне ў часы ганенняў на веру! Прыклад іх самаахвярнай любові ажно да смерці духоўна ўмацоўваў многіх і дапамог мужна перанесці пераслед веры і дачакацца яе адраджэння», — сказаў заслужаны іерарх. Ён дадаў, што мучаніцкая смерць сясцёр прамаўляе і ў наш час як заклік да міру і братэрства ўсіх людзей на зямлі.
«Навагрудскія мучаніцы <…> пакінулі нам пасланне веры, якое выразілася ў надзвычайным даверы Божаму Провіду ў момант дабравольнай ахвяры свайго жыцця за іншых. Гэты моцны дух веры даў ім унутраны супакой, каб аддаць сябе ў рукі Бога, нягледзячы на відавочную небяспеку смерці.
Адкуль яны мелі сілы? З вернасці дэвізу свайго служэння: Fiat voluntas tua — „Будзь воля Твая“. У той час, калі чалавек забіваў чалавека, Божай воляй было паказаць сілу любові замест гвалту. Гераічная смерць сясцёр мае выток у евангельскім пасланні любові <…>
Іх кроў, пралітая за веру і любоў да Бога і да бліжняга, перамяняе нашую гісторыю, заплямленую злом, у гісторыю збаўлення, становіцца „закваскай“ надзеі і дабра. Калі вакол панавала зло вайны, якая не шкадуе нікога, забівае і разбурае, нясе маральнае і фізічнае зло, сёстры назарэтанкі паказалі прыклад крэатыўнай любові», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх выказаў упэўненасць у тым, што знаходжанне рэліквій благаслаўлёных сясцёр мучаніц у касцёле святога Арханёла Міхала будзе служыць распаўсюджванню іх культу і нагадваць вернікам пра абавязак любіць Бога і бліжняга, змагацца за мір і спяшацца рабіць дабро, «бо час уцякае, а вечнасць чакае».
«„Не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы забіць не можа“, — кажа нам Езус. Мы павінны быць мужнымі, каб публічна вызнаваць Яго перад людзьмі, бо хто ад Яго адрачэцца, ад таго адрачэцца і Бог. Сведчанне прамаўляе мацней за ўсе словы», — заўважыў іерарх.
Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў кароткай малітвай: «Навагрудскія мучаніцы, выпрасіце нам у Бога ласку практыкаваць у штодзённым жыцці любоў да Бога і бліжняга, быць актыўнымі сведкамі нашай веры, мужна яе абараняць і распаўсюджваць, каб як мага больш людзей прытрымлівалася вучэння Евангелля з мэтай будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові».
Пасля святой Імшы сем’і з Навагрудка, на знак удзячнасці мучаніцам за іх ахвяру дзеля ўратавання іншых людзей, урачыста ўнеслі ў касцёл абразы благаслаўлёных сясцёр і звязаных з імі асоб, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў іх благслаўленне.
Апрача абразоў сястры Стэлы і яе паплечніц, у касцёл былі ўнесеныя выявы асоб, звязаных з тымі падзеямі, а менавіта сястры Малгажаты, якая цудам уратавалася ад расстрэлу, Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа створанай у міжваенны перыяд Пінскай дыяцэзіі, у якую ўваходзіў у той час Навагрудак, ксяндза Аляксандра Зянкевіча, спаведніка сясцёр мучаніц, і невядомага падлетка, парэшткі якога знайшлі пры эксгумацыі ў магіле разам з благаслаўлёнымі мучаніцамі. Даследчыкі мяркуюць, што юнак стаў нявольным сведкам злачынства нацыстаў або тым, каго гестапа прымусіла капаць для расстраляных магілу, а потым знішчыла.
Напрыканцы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёных сясцёр мучаніц. Урачыстасць у навагрудскай парафіі ўпрыгожыў сваім спевам хор Verus Cantus з Мінска. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел мастакі, якія удзельнічалі ў пленэры, прысвечаным сёстрам мучаніцам з Навагрудка.
Памаліцца праз заступніцтва благаслаўлёных назарэтанак мучаніц і ўбачыць іх абразы і карціны, якія распавядаюць іх гісторыю, можна будзе ў бліжэйшыя некалькі тыдняў у касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (вул. Міцкевіча, 1).
Святыня адчынена з панядзелка па суботу з 10.00 да 19.00 гадзін (у аўторак з 7.30 да 16.00), у нядзелю — з 9.00 да 19.00.