Пошук

17.07.2023 07:44   Тэкст: а. Аляксандр Стока OCD / Фота: з архіву парафіі ў Мядзелі / Catholic.by

15–16 ліпеня ў Мядзелі аддзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль — галоўнай Апякункі айцоў кармэлітаў босых і мясцовай парафіі, у якой манахі ордэна здаўна нясуць служэнне.

Святкаванне распачалося ўвечары ў суботу святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD, які прыбыў з Мінска.

У прамоўленай гаміліі настаяцель супольнасці параўнаў мядзельскі парафіяльны касцёл, пабудаваны на ўзгорку каля возера Мястра, з гарою Кармэль і запрасіў вернікаў духоўна ўзысці на гэтую гару.

Таксама айцец Пётр заахвоціў «наследваць Марыю, нашу Маці і Сястру, і праз святы шкаплер даверыцца Яе магутнаму заступніцтву».

На прыкладах з жыцця сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса Рэгіянальны вікарый паказаў веру гэтых сясцёр і моц святога шкаплера, дзякуючы якому нават утаймоўваліся стыхійныя бедствы, такія як пажар ці бура на моры.

«Заступніцтва Марыі, Маці Святога Шкаплера, — гэта наш надзейны сродак у зямной пілігрымцы да збаўлення», — падкрэсліў айцец Пётр Фраштэнга. На заканчэнне святой Імшы адбыўся апошні дзень навэнны да Маці Божай Шкаплернай і быў праспяваны гімн Salve Regina — «Вітай, Каралева» на лацінскай мове.

Пасля святой Імшы на адноўленай намаганнямі кармэлітаў і мясцовых вернікаў мядзельскай Кальварыі адбыўся Крыжовы шлях, асноўнай тэмай якога сталі ўчынкі міласэрнасці для душы і цела. Вялікая колькасць парафіянаў і гасцей ўзялі ўдзел у гэтым набажэнстве, падчас якога многія скарысталіся магчымасцю прыступіць да споведзі. Пакутнае набажэнства скончылася на Гары Крыжоў малітваю ў інтэнцыях Святога Айца і благаслаўленнем.

У нядзелю, на другі дзень святкавання, у мядзельскім касцёле сабралося дастаткова шмат вернікаў. Марыйны дух шкаплернай урачыстасці і адпаведныя малітоўнаму настрою дэкарацыі ў касцёле спрыялі глыбокаму перажыванню ўрачыстасці.

Цэлебрацыю святой Імшы, у якой узялі ўдзел айцы з мядзельскай парафіі, а таксама айцец Павел Ляліта OCD, пробашч парафіі ў Нарачы, ўзначаліў новапрызначаны пробашч парафіяльнай супольнасці ў Мядзелі айцец Аляксандр Стока OCD. Ён скіраваў да вернікаў Божае слова, у якім адзначыў вялікую ролю прысутнасці і заступніцтва Маці Божай Шкаплернай у жыцці вернікаў.

«Нельга зразумець таямніцу Хрыста без Марыі, як таксама нельга зразумець Марыі без Хрыста», — падкрэсліў айцец Аляксандр. Святар заахвоціў вернікаў да сыноўняй адданасці Маці Божай, якая ніколі не перастае клапаціцца пра сваіх дзяцей На заканчэнне Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія і благаслаўленне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.