Пошук

19.11.2016 00:00  

19 лістапада, напярэдадні завяршэння Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці ў Віленскай архідыяцэзіі, беларускія пілігрымы разам са сваімі душпастырамі і іерархамі прынялі ўдзел у Эўхарыстычнай літургіі ў касцёле св. Тэрэзы ў Вільні.

Беларускія католікі маліліся ля падножжа Маці Божай Вастрабрамскай у інтэнцыі Касцёла ў Беларусі і за Беларусь, даручаючы яе апецы Маці Міласэрнасці, што свеціць у Вострай Браме.

Ва ўсім свеце закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў юбілейных святынях прайшло 13 лістапада. Аднак, беручы пад увагу духоўнае значэнне традыцыйных Вастрабрамскіх урачыстасцяў, у Віленскай архідыяцэзіі з дазволу Апостальскага Пасаду ён завяршаецца 20 лістапада, таксама як і ў рымскіх базыліках.

Сустрэча беларускіх католікаў ля падножжа Маці Божай Вастрабрамскай праходзіла ў год сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У Вільнюс з розных куткоў Беларусі прыбыло каля тысячы пілігрымаў. Не ўсе вернікі змаглі змясціцца ў святыні.

Святую Імшу, якая цэлебравалася на беларускай мове, узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама святары з беларусіх парафій.

«На працягу многіх дзесяцігоддзяў беларускія католікі выпрошвалі свабоду веравызнання, — нагадаў арцыпастыр у гаміліі. — Сёння ж мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі ажыццяўлення фацімскага прароцтва аб навяртанні нашага краю да Бога».

Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што «свабода веравызнання, як і кожная іншая свабода, — гэта не толькі вялікі дар, але і заданне». Іерарх са смуткам адзначыў, што «вера больш не з’яўляецца той базай, на якой чалавек будуе сваё жыццё», а «чалавек забывае або не хоча ведаць, што прычынай кожнага крызісу з’яўляецца крызіс веры».

Беларускі арцыпастыр указаў на тое, што адным з самых сур’ёзных крызісаў з’яўляецца крызіс сям’і: «Сям’я, як Богам устаноўлены адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння патомства і яго выхавання, распадаецца на нашых вачах. Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму развод быў выключэннем, то сёння становіцца нормай жыцця».

Змяняецца і само паняцце сям’і, якою, паводле заканадаўства многіх краін свету, лічыцца ўжо не толькі саюз мужчыны і жанчыны, але таксама саюз двух мужчын або дзвюх жанчын, і пры гэтым з правам усынаўлення дзяцей, што супярэчыць Божаму закону. На гэтую паталагічнасць звярнуў увагу прысутных арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што нават «жыццё становіцца таварам»: «Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, ім можна маніпуляваць. Яго можна забіць, купіць і прадаць».

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў касцёле св. Тэрэзы падчас святкавання ўрачыстасцяў Апекі Божай Маці Вастрабрамскай.

Беларускі іерарх засяродзіўся і на актуальным сёння пытанні міграцыі. Па словах арцыпастыра, «Еўропа старэе», яна «падобна да старой бабулі, якая не можа нарадзіць новае жыццё», а хтосьці павінен працаваць. Працоўная сіла сцякаецца ў Еўропу з Афрыкі і Азіі, а гэта, па словах іерарха, можа прывесці «да яшчэ большага сацыяльнага напружання з-за розніцы культур, традыцый, менталітэту і веравызнанняў». «А ўсё можна вырашыць вельмі проста. Трэба толькі шанаваць жыццё», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыпастыр выказаў таксама непакой адносна будучыні сучасных дзяцей і моладзі, якія праз сучасныя СМІ і мастацтва «выхоўваецца не ў духу любові да бліжняга і пашаны Божага закону, але ў духу эгаізму і нават геданізму».

На заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў прысутных маліцца, каб Маці Божая выпрасіла ў Бога «ласку захавання веры і хрысціянскай тоеснасці» для беларускага народа.

Пасля Імшы Мітрапаліт прывітаў вернікаў на літоўскай і польскай мовах.

(DN), (VGr)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.