Пошук

27.06.2023 11:06   Catholic.by

Раніцай 27 чэрвеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў удзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск–Будслаў, якія ўчора вырушылі са сталіцы і правялі першую ноч у вёсцы Вішнёўка, што пад Мінскам, у мядзельскім кірунку.

Для пілігрымаў, якія ідуць да Маці Божай Будслаўскай, заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на тэксце Евангелля, прызначаным на гэты дзень, заўважыўшы, што ў ім Езус дае сваім вучням «тры парады для жыцця, адпаведнага Божай задуме».

«Перадусім Ён кажа „не даваць сабакам святога і не кідаць пярлінаў свінням“. Святое і пярліна з’яўляюцца сімвалам духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў, а сабакі і свінні — сімвалам нячыстага і паганскага. Калі матэрыяльныя каштоўнасці могуць належаць людзям як добрым, так і нядобрым, то духоўныя з’яўляюцца прывілеяй праведных.

У другой рэкамендацыі Езус прадстаўляе „залатое правіла“ жыцця хрысціяніна і кожнага чалавека: паступаць з іншымі так, як хочам, каб паступалі з намі.

Таму мы павінны старацца рабіць толькі дабро і дабром перамагаць зло.

Трэцяя парада датычыцца „вузкай брамы“. Шлях да вечнага жыцця адкрыты для ўсіх, але ён вузкі, бо патрабуе адданасці, самаадрачэння і адмаўлення ад уласнага эгаізму», — сказаў арцыпастыр. Пры гэтым ён адзначыў, што хоць лягчэй ісці шырокай дарогай, але ў маральным сэнсе гэта вельмі небяспечна, «бо чалавек застаецца без „духоўных тармазоў“ і можа трапіць у „духоўную аварыю“, з якой вельмі складана выйсці, а часам немагчыма».

«Мы добра ведаем, што такое ісці нацянькі і зразаць вуглы. <…> Аднак калі гаворка ідзе пра духоўнае жыццё і веру, Езус асцерагае, што спосаб пошуку найбольш лёгкай жыццёвай дарогі не з’яўляецца шляхам веруючага чалавека, бо няма кароткіх шляхоў да глыбокага і змястоўнага духоўнага жыцця», — сцвердзіў іерарх, заахвоціўшы пілігрымаў «жыць верай і бараніць яе, рабіць дабро і не баяцца выйсці на вузкую жыццёвую дарогу».

«Прыкладам для нас з’яўляецца Марыя, якая жыла верай, у складаных умовах не адмаўлялася ад яе і заставалася вернай свайму пакліканню. Рабіла людзям духоўнае і матэрыяльнае дабро. Нарадзіла свету Збаўцу і выпрасіла першы цуд у Кане Галілейскай. Яе жыццёвы шлях быў вельмі вузкі, бо павінна была шмат выцерпець і працягвае цярпець за грахі свету», — зазначыў арцыпастыр.

Сваю гамілю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітоўным заклікам: «Пане Езу, праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай адары нас пярлінамі сваёй ласкі, каб мы не баяліся вузкай дарогі, бо толькі яна вядзе да шчасця ў зямным жыцці і прывядзе ў радасць неба».

 

Абноўлена 27.06.2023 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця