Раніцай 28 чэрвеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў Вішнёўцы для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск–Будслаў, якая ўчора стартавала са сталічнай катэдры.
У мінулыя гады ўжо стала добрай традыцыяй, што арцыпастыр у супольнай малітве благаслаўляў пілігрымаў на пачатку другога дня іх вандроўкі ў Нацыянальны санктуарый. У гэты дзень пілігрымам трэба пешкі пераадолець адлегласць больш за 30 кіламетраў, што з’яўляецца самым працяглым адрэзкам іх шляху.
Ва ўспамін святога Ірэнэя, біскупа і мучаніка, заслужаны іерарх звярнуў увагу на асобу гэтага святога, які ўвайшоў у гісторыю Касцёла як мужны абаронца хрысціянскай веры і супакою, як будаўнік адзінства ў Касцёле.
Разважаючы над словамі Евангелля пра суцішэнне буры на моры, калі напалоханыя апосталы будзяць Хрыста, які спаў, і той, суняўшы навальніцу, дакарае іх за слабую веру, арцыпастыр зазначыў, што падобная сітуацыя паўтараецца і ў наш час.
«Хвалі разнастайных крызісаў, у тым ліку і маральнага, заліваюць човен нашага жыцця і Касцёла. Нярэдка здаецца, што мы тонем і няма паратунку. Цуд суцішэння буры павінен нагадаць нам дакор Езуса ў недахопе веры. Мы шукаем вырашэння сваіх праблем у гарызантальным вымярэнні ў той час, калі патрэбныя яшчэ і намаганні ў „вертыкальным“ кірунку. Мы павінны памятаць словы Езуса, што без Яго нічога не можам зрабіць.
Ён суцішыў буру на Галілейскім возеры і можа суцішыць таксама буру сучасных праблем і крызісаў як у нашым грамадстве і ва ўсім свеце, так і ў нашым асабістым жыцці. Трэба толькі мець моцную веру і даверыцца Яму»,— падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Паводле яго, хрысціянская рэлігія адметная тым, што Бог шукае чалавека і ніколі не стамляецца ў гэтым пошуку.
«Дзеля гэтага Бог стаўся чалавекам, Богам з намі, Эмануэлем, і сёння спяшаецца да нас на дапамогу. Неабходна толькі звярнуцца да Яго.
Найкарацейшым шляхам да Езуса ёсць Марыя. На будслаўскай іконе яна ўказвае на свайго Сына як адзінага Збаўцу і таго, хто не пакідае нас саміх з нашымі праблемамі», — адзначыў іерарх.
Ён нагадаў пілігрымам пра тэму сёлетняга Будслаўскага фэсту, заахвоціўшы іх падчас пілігрымкі маліцца за мір. «Мы ідзём да Марыі як Каралевы супакою, з верай у тое, што Яна прывядзе нас да свайго Сына — Князя супакою. Сімвалічна, што другі дзень пілігрымкі адбываецца ва ўспамін святога Ірэнэя, імя якога ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае „мір“», — заўважыў арцыпастыр.
На заканчэнне гаміліі ён заклікаў пілігрымаў у жыццёвых складанасяцях не губляць надзеі і з дапамогай Марыі ісці да Езуса, «каб мір запанаваў у нашых сэрцах, а праз нас — у нашым грамадстве і ва ўсім свеце».
Пасля Імшы пілігрымы прынялі арцыбіскупа Кандрусевіча ў свае шэрагі як «ганаровага пілігрыма».
На развітанне іерарх падзякаваў арганізатарам пілігрымкі святарам хрыстусоўцам, усім удзельнікам, а таксама тым, хто займаецца справамі харчавання, медыцынскай апекі і лагістыкі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў пілігрымам плённага духоўнага перажывання малітоўнага падарожжа да Маці Божай Будслаўскай.