Пошук

26.06.2023 14:49   Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

Раніцай 26 чэрвеня з Мінска ў Будслаў вырушыла 31-я пешая пілігрымка, якая сёлета, калі адзначаецца 25 гадоў з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, праходзіць пад дэвізам «Прыношу Табе маю веру».

Пешую пілігрымку з Мінска вядуць ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ. Перад выхадам пілігрымы сабраліся на супольную малітву ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Цэлебрацыю святой Імшы для іх узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, разам з якім маліўся таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку арцыпастыр адзначыў, што сённяшнія пілігрымы ХХІ стагоддзя працягваюць традыцыю, распачатую іх продкамі: «ісці да Маці Божай так, як Яна ў свой час першая вырушыла ў горную краіну, бо Яна ведала, адчувала, што Божы Сын — у Яе пад сэрцам, і Яна ідзе дзяліцца гэтай радасцю».

Іерарх дадаў, што цэлебруе Імшу ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў, святароў, арганізатараў і адказных, а таксама за ўсіх людзей, якіх яны сустрэнуць на дарозе.

Гамілію прамовіў біскуп Касабуцкі, які прапанаваў удзельнікам паразважаць над тым, чым з’яўляецца пілігрымка — незвычайнае духоўнае падарожжа.

«Пілігрымка адрозніваецца ад усіх іншых вандровак перадусім сваёй мэтай, бо гэта падарожжа да святых месцаў, а ў нашым выпадку — у Будслаў, да Маці Божай», — заўважыў іерарх, дадаўшы, што пілігрымам таксама зазвычай спадарожнічае пэўная інтэнцыя, або малітоўны намер, з якім яны ідуць у паломніцтва. «Гэта асаблівая просьба да Пана Бога, якую мы нясем у нашым сэрцы», — падкрэсліў біскуп, адзначыўшы, што гэты намер дапамагае пераадольваць усе цяжкасці дарогі, якія пілігрым ахвяруе ў выбранай інтэнцыі. Паводле іерарха, яшчэ адна асаблівасць пілігрымкі — гэта тое, што яна павінна стаць крокам наперад у духоўным жыцці. Для таго, каб у дарозе адбываўся духоўны рост, у пілігрымцы ідуць святары, якія клапоцяцца пра душпастырства пілігрымаў.

«Няхай кожны, хто вас убачыць, падумае пра Божае Валадарства, каб ён захацеў таксама стаць хрысціянінам, а Маці Найсвяцейшая няхай дапаможа кожнаму з вас. Няхай Яна сама залечыць вашыя мазалі, няхай дапаможа пранесці праз усю пілігрымку вашыя інтэнцыі і няхай прывітае вас у Будславе», — завяршыў гамілію пажаданнем біскуп Юрый Касабуцкі.

На заканчэнне святой Імшы адказны за пілігрымку ксёндз Алег Шпець, хрыстусовец, прывітаў усіх удзельнікаў, падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму і біскупу Касабуцкаму за супольную малітву і Божае слова, а таксама прадставіў усіх адказных святароў, сясцёр законных і аніматараў, якія ідуць у пілігрымцы. Пасля гэтага ксёндз Алег разам з сястрой законнай уручыў бэйдж і павязаў хусцінку пілігрымаў іерархам.

Арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў удзельнікаў пілігрымкі да сваіх інтэнцый далучыць таксама інтэнцыю за мір у свеце, пасля чаго благаславіў пілігрымаў на добрую дарогу і акрапіў іх асвячонай вадой.

Як паведаміў Catholic.by ксёндз Алег Шпець, усяго з Мінска ў Будслаў выйшла больш за дзве сотні пілігрымаў.

Іх шлях працягнецца пяць дзён, за якія яны пераадолеюць 125 кіламетраў і 30 чэрвеня прыбудуць на ўрачыстасці ў Будслаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.