Увечары 23 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) распачаліся юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 500-годдзя мясцовай святыні.
Быстрыца — маляўнічае мястэчка даўняга Віленскага краю, размешчанае на стромых берагах Віліі, на сучасным беларуска-літоўскім памежжы. Лічыцца, што яно непрацяглы час нават было першай сталіцай гістарычнай Літвы. Паводле дакументальных звестак, кароль Ягайла ў 1390 годзе заснаваў у Быстрыцы касцёл і кляштар, запрасіўшы ў мястэчка манахаў з Ордэна Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў (аўгустынцаў).
Такім чынам, быстрыцкая святыня стала адной з першых на нашых землях.
Першы касцёл быў драўляны; у 1523 годзе яго змяніў мураваны, пабудаваны на сродкі караля Жыгімонта І. Да пачатку XVI стагоддзя ў мястэчку дзейнічаў аўгустынскі кляштар.
У 1760–1761 святыня была грунтоўна перабудавана ў стылі барока, таму многія крыніцы не зусім слушна называюць датай пабудовы касцёла 1761, а не 1523 год. Пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года касцёл у Быстрыцы быў пераабсталяваны ў праваслаўную царкву: на барочнай святыні з’явіліся недарэчныя купалы-«цыбуліны». У міжваенны перыяд святыня зноў стала каталіцкай, і ў 1926 годзе ёй быў вернуты аўтэнтычны архітэктурны выгляд.
У савецкія часы быстрыцкая парафія доўгі час заставалася без святара, але мясцовыя вернікі не далі зачыніць свой касцёл і збіраліся ў ім на малітву. У 90-х гадах мінулага стагоддзя душпастырам у Быстрыцу быў прызначаны ксёндз Здзіслаў Пікула SDB, які паспрыяў адраджэнню парафіяльнага жыцця. Разам з парафіянамі ён нанава добраўпарадкаваў даўняе месца культу на ўскраіне мястэчка — Святаянскую крыніцу, вада якой з даўніх часоў лічыцца гаючай.
Старажылы прыгадваюць, як раней людзі збіраліся там на малітву, а ўрачыстасць Нарадждэння святога Яна Хрысціцеля, якая святкуецца ў Касцёле 24 чэрвеня, традыцыйна з’яўляецца ў парафіі адпустам.
На святым месцы была пабудавана капліца, пры якой у вігілію ўрачыстасці сабраліся вернікі з усяго наваколля, а таксама тыя, якія, жывучы далёка, спецыяльна прыехалі на адпуст на малую радзіму. На чале са сваім пробашчам ксяндзом Казімірам Ляховічам, які з’яўляецца быстрыцкім душпастырам ужо больш за дзесяць гадоў, яны віталі каля крыніцы Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.
Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў капліцы пры крыніцы. У прамоўленай гаміліі ён засяродзіўся на асобе святога Яна Хрысціцеля, асаблівая місія якога з’яўляецца яскравым увасабленнем велічы Божых планаў у жыцці і пакліканні кожнага чалавека.
Біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на тое, як важна ўмець правільна расставіць прыярытэты ў жыцці, каб не змарнаваць атрыманых ад Бога дароў і талентаў.
«Якім было жыццё святога Яна Хрысціцеля? Напэўна, яно можа здавацца бедным і нецікавым: жыў у пустыні, не меў нават нармальнага адзення <…>, еў тое, што мог знайсці. Аднак, нягледзячы на гэта, ён стаў самым вялікім сярод людзей і выканаў даручаную яму місію — быць папярэднікам Хрыста ў гэтым свеце», — падкрэсліў біскуп. Ён заахвоціў удзельнікаў урачыстасці кіравацца ў жыцці спраўджанай іерархіяй каштоўнасцяў, каб напоўніцу рэалізаваць сваё пакліканне і дасягнуць збаўлення.
На заканчэнне святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Пасля гэтага біскуп Касабуцкі благаславіў крыж, усталяваны непадалёк ад капліцы, выказаўшы падзяку тым, хто яго зрабіў.
Потым адбылося благаслаўленне фігуры святога Яна Хрысціцеля побач з крыніцай, а таксама самой крыніцы. Тутэйшыя людзі кажуць, што крынічная вада гаючая, утрымлівае срэбра і да таго ж надзвычай смачная.
Акрамя таго, іерарх акрапіў камень-«следавік», на якім, паводле падання, відаць «след» Маці Божай. Валун быў дастаўлены на святое месца ад Старой Вёскі, з цяжкадаступнага пункту ў памежнай зоне.
На наступны дзень святкаванне працягнулася ў самой 500-гадовай святыні, куды з нагоды юбілею і парафіяльнага фэсту прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, а таксама благаславіў мемарыяльную шыльду, усталяваную ў касцёле.