Пошук

02.11.2016 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

У Львове напрыканцы кастрычніка адбыўся з’езд хрысціянскіх музыкантаў, у якім прыняў удзел і беларускі гурт «Рыбы». Трохдзённая сустрэча праходзіла ў рэкалекцыйным доме кляштара св. Юзафа.

«Сярод украінскіх музычных каманд і музычных майстроў з Польшчы мы былі адзіным беларускім гуртом на з’ездзе. Прымалі нас вельмі цёпла», — адзначыў у каментарыі для Catholic.by адзін з музыкаў гурта Віталій Грышкевіч.

З’езд уяўляў сабой заняткі музыкай і вакалам, майстар-класы па ігры на музычных інструментах, а таксама ўключаў дыскусіі і абмеркаванні, малітву і супольны ўдзел у святой Імшы.

Спецыяльна для Catholic.by удзельнікі евангелізацыйнага праекта «Рыбы» расказалі пра свае ўражанні ад паездкі і падзяліліся новымі планамі.

«Здзівіла тое, што ўкраінцы нас ведаюць і слухаюць нашы песні»

«Рыбы» ў адзін голас адзначаюць высокі ўзровень з’езду, а таксама сур’ёзнае стаўленне да працы яго ўдзельнікаў.

«На майстар-класах я даведалася шмат новага і цікавага ў момантах стварэння музыкі, яе выканання, пачула шмат карысных парадаў, — прызнаецца Марыя Завадская. — Гэтыя сустрэчы акрамя натхнення далі разуменне сваіх магчымасцяў і сталі штуршком для далейшай працы».

«Мяне парадавалі ўдзельнікі з’езду. Гэта прафесійныя музыкі, якія жывуць сваёй працай, — адзначае Віталій Грышкевіч. — І ў той жа час, нягледзячы на розныя абрады, ва ўсіх нас адна мэта — праз музыку праслаўляць Хрыста. Яшчэ запомніліся грэка-каталіцкія літургіі, святары і іх зносіны з намі — жывыя, неабыякавыя, без стэрэатыпаў».

Паўліна Жых дадае, што зусім не чакала, што творчасць «Рыбаў» будзе ва Украіне камусьці вядомай.

«Мяне захапіла музыка і галасы гуртоў-удзельнікаў з’езду, настолькі гэта было гарманічна. А ў ходзе знаёмства высветлілася, што ўкраінцы нас ведаюць і слухаюць нашыя песні — і гэта за 800 км ад нас! Некаторыя нават ведалі словы нашых беларускамоўных песень...»

Паўліна адзначае, што ўсё гэта ўзмацніла яе ў перакананні, што творчасць «Рыбаў» — гэта знаёмства людзей з Богам праз песні, і гэтае служэнне патрэбнае.

«Асабіста я ўзяла для сябе столькі музычнай інфармацыі, колькі не атрымлівала апошнія некалькі гадоў! Хатняга задання хопіць надоўга: над гэтым матэрыялам буду працаваць у бліжэйшыя гады».

Яшчэ адна беларуска Гэлена Грамыка адзначае, што яе найбольш уразілі музыканты, якія працягваюць сваю справу, нягледзячы на сям’ю і дзяцей.

«Я на сустрэчы займалася па класу вакалу методыкай "speechlevelsinging", калі спяваеш набліжана да свайго размоўнага голасу, — прыгадвае Гэлена. — З якой любоўю спявала наша выкладчыца, маці дваіх дзяцей! Яна не заканчвала ні кансерваторый, ні акадэмій, а спявае так, што яе хочацца слухаць і слухаць.

А салістка гурта «Шэма» (Sh’ma) — маці шасцярых дзяцей, трое з якіх былі ўсыноўленыя, яе муж — барабаншчык. Адкуль у іх сілы і жаданне, калі не ад Бога?»

«Хрысціянская музыка ў Беларусі можа падняцца на новы ўзровень»

Удзел у міжнародных музычных праектах, сустрэчах і форумах, безумоўна, дае адмысловы штуршок у развіцці кожнай музычнай каманды. А з якімі ідэямі вярталіся ў Беларусь «Рыбы»?

Як адзначае Юрый Гардзіенка, на гэтым з’ездзе ён «зрабіў свой выбар “стаць музыкам Бога”, не маскіруючы Яго Вялікае Імя».

«А яшчэ я адчуў радасць ад усведамлення таго, што хрысціянская музыка ў Беларусі рэальна можа падняцца на новы ўзровень», — дадаў Юрый.

«За гэты час мы сыгралі вялізным складам у 120 чалавек, спявалі хорам, выступалі са сваімі калектывамі, шмат размаўлялі і смяяліся, шмат даведаліся пра музыку і адзін пра аднаго. Акрамя іншых удзельнікаў, я адкрыла для сябе музыкантаў, з якімі прыехала — "рыбак". З імі звязаны мае далейшыя планы», — разважае Гэлена.

«У самым пачатку гэтага з'езду нас папярэдзілі, што гэта не рэкалекцыі, а вучоба, павышэнне, скажам так, “кваліфікацыі”, дзяленне вопытам, — заключае Гэлена Грамыка. — Нягледзячы на гэта, для мяне гэты час стаў своеасаблівымі рэкалекцыямі. Калі ад'язджалі, падумала, што не шкадую, што з тэмпературай паехала туды».

Ва Украіне з'езд хрысціянскіх музыкантаў за апошнія тры гады праходзіў упершыню. У Беларусі ж такія з’езды праводзіліся пакуль толькі двойчы (апошні раз — у 2013 годзе).

«Спадзяюся, мы і надалей будзем удзельнічаць у такіх мерапрыемствах, — дзеліцца Марыя Завадская. — Наша пакліканне — у евангелізацыі людзей праз музыку, і нам ні ў якім разе нельга спыняцца. Веру, што Пан Бог падрыхтаваў для нас нешта вялікае!»

«Як толькі даведаюся пра наступны з'езд — рукі ў ногі і едзем! — усміхаецца Паўліна Жых. — Гэта школа, гэта развіццё. Таксама я адчуваю, што мы ўжо гатовыя да таго, каб арганізаваць такога кшталту з'езд самім. Можа, больш просты, але мы гатовыя».

Думкі Паўліны працягвае Віталій Грышкевіч.

«Калісьці маё духоўна-музычнае фармаванне пачалося менавіта з такой сустрэчы — я па сабе ведаю, наколькі гэта важна. Таму зараз у планах — падрыхтаваць глебу для правядзення падобнага з’езду хрысціянскіх музыкантаў і ў Беларусі», — дадаў Віталій.

Даведка:

«Рыбы» — музычны евангелізацыйны праект, створаны пры парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне ўдзельнікамі Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі. На сёння ў склад праекта ўваходзіць 17 чалавек. Гурт выпусціў два дыскі: «Захапляюся» (2014), «Любі» (2016).


Апрацаваў Ілья Лапато, фота з архіва гурта

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця