10 чэрвеня выкладчыкі і вучні Школы сямейнага жыцця, што дзейнічае пры парафіі Божага Цела ў Мінску, перажывалі заканчэнне чарговага навучальнага года.
У парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой ўзначаліў айцец Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады Душпастырства Сем’яў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
У прамоўленай гамліі святар звярнуў увагу на неабходнасць прывіваць маладому пакаленню хрысціянскія каштоўнасці, якімі павінны жыць самі выпускнікі Школы сямейнага жыцця, а таксама дапамагаць захаваць сапраўдную радасць жыцця з Богам, нягледзячы на цяжкасці і жыццёвыя выпрабаванні.
Пасля святой Імшы айцец Пётр падзякаваў выкладчыкам і студэнтам за плённае супрацоўніцтва ў чарговым навучальным годзе, а дырэктар Школы сямейнага жыцця ў Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD уручыў дыпломы аб яе заканчэнні тром выпускніцам.
У будучыні выпускнікі гэтай навучальнай установы пасля атрымання кананічнай місіі ад біскупа змогуць дапамагаць у парафіях у якасці дарадчыкаў і кансультантаў сямейнага жыцця.