З 2 па 4 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат) праходзіў з’езд салезіянскіх міністрантаў.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 60 хлопцаў з салезіянскіх парафій у Бараўлянах, Дзятлаве, Жупранах, Мінску і Смаргоні.
Месцам правядзення з’езду стаў адноўлены дом для моладзевых акцый.
З’езд распачаўся ў пятніцу 2 чэрвеня. Хлопцы мелі магчымасць пазнаёміцца, разам правесці час, згуляць у футбол і паўдзельнчаць ў лазертагу на падворку моладзевага дома. Напрыканцы дня ўдзельнікі з’езду сабраліся на малітве адарацыі і мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
У суботу 3 чэрвеня міністранты выехалі ў Будслаў на заключны дзень Вялікай навэнны, якая праводзілася ў межах падрыхтоўкі да святкавання 25-годдзя з часу каранацыі цудадзецнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
У Будславе частка міністрантаў удзельнічала ў якасці актороў міні-прадстаўлення пра гісторыю Будслава, якое падрыхтавала салезіянская сям’я са Смаргоні.
Удзельнікі мелі магчымасць маліцца на Эўхарыстыі ў будслаўскай базіліцы разам з першакамунійнымі дзецьмі з розных мясцін Беларусі, а таксама з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Юзафам Станеўскім і Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам.
Пасля святой Імшы і абеда, усе прысутныя ў Будславе дзеці мелі магчымасць весела і з карысцю правесці час пры забаўляльных стэндах, якія падрыхтавала салезіянская сям’я з Мінска і Бараўлянаў. Вярнуўшыся ў Жупраны, міністранты вырушылі ў паход у лес, дзе іх чакала спецыяльна падрыхтаваная гульня.
У нядзелю міністранты разам з адказным за з’езд ксяндзом Артурам Ляшнеўскім SDB адсвяткавалі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў жупранскім касцёле.
Пасля Эўхарыстыі літургічная служба алтара разам з вернікамі ўдзельнічала ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла, а міністранты падчас шэсця неслі харугвы і касцёльную літургічную атрыбутыку.