Пошук

05.06.2023 16:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Алена Бобр / Catholic.by

3 чэрвеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася малітоўная сустрэча з удзелам першакамунійных дзяцей, якая завяршыла Вялікую навэнну падрыхтоўкі да святкавання юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза.

У першую суботу чэрвеня ў Будславе сабраліся сотні дзяцей у прыгожых белых строях, якія сёлета ўпершыню прынялі святую Камунію, разам з бацькамі, катэхетамі і душпастырамі. У сустрэчы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Да Маці Божай Будслаўскай прыбылі маленькія пілігрымы з розных парафій з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

Біскуп Станеўскі прывітаў сабраных на зялёнай зоне каля базылікі і разам з дзецьмі праславіў Бога за ласку сустрэчы супольным спевам: «Гэта ёсць дзень, які даў нам Пан».

Потым на спецыяльна падрыхтаваную на адкрытым паветры сцэну, якую ўласнымі рукамі сабраў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік, падняліся дзеці і моладзь з салезіянскага араторыя са Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) на чале са сваімі аніматарамі, і ў невялікай тэатралізаванай пастаноўцы прадставілі сваім аднагодкам больш як пяцісотгадовую гісторыю цудадзейнага абраза Маці Божай і Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.

Апоўдні ў будслаўскай базыліцы распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Буткевіч і два дзясяткі святароў: як дыяцэзіяльных, так і з манаскіх супольнасцяў. На пачатку Імшы арцыбіскуп нагадаў пра тое, што на пачатку чэрвеня адзначаўся Дзень абароны дзяцей, і з гэтай нагоды ён маліўся ў інтэнцыі ўсіх маленькіх вернікаў, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію.

Звяртаючыся да прысутных у касцёле дзяцей, якія нядаўна скончылі навучальны год у школе, арцыпастыр запрасіў іх «у школу Марыі», каб вучыліся ў Яе ўсё жыццё захоўваць вернасць Хрысту, паглыбляць сваю веру і быць сапраўднымі хрысціянамі.

«Каб туды, куды не трэба, не ўлазілі <…>; каб былі добрымі людзьмі і грамадзянамі, якімі будзе ганарыцца наша Бацькаўшчына», — дадаў арцыбіскуп.

На пачатку казання ён запытаўся ў дзяцей, ці ведаюць яны песню «Пан мой ідзе», і, атрымаўшы станоўчы адказ, заінтанаваў гэты папулярны рэлігійны спеў, які падхапілі ўдзельнікі. Песня апавядае пра тое, як Хрыстус спяшаецца насустрач кожнаму чалавеку і прыходзіць да яго пад выглядам Эўхарыстычнага хлеба — Гостыі.

«Вы ўжо перажылі дзень Першай святой Камуніі: дзень, напоўнены невымоўнай радасцю. Сустрэча з роднымі, хроснымі, бабулямі і дзядулямі; падарункі і фота… Але перадусім вы перажылі сустрэчу з Езусам Хрыстом, які прыйшоў да нас у постаці кавалачка белага хлеба ў святой Камуніі», — адзначыў арцыпастыр. Ён нагадаў, як апосталы падчас Апошняй вячэры з Хрыстом упершыню пачулі гэтыя словы Збаўцы: «Бярыце і ешце: гэта — Маё Цела; бярыце і піце: гэта — Мая Кроў».

«Яны тады, а мы сёння прынялі Першую святую Камунію. Прынялі, бо паверылі Яму ўсім сэрцам і ўсёй душой», — сказаў іерарх, заахвоціўшы маленькіх вернікаў па прыкладу апосталаў ісці следам за Хрыстом, які іх запрашае ў дарогу.

«„Пан мой ідзе“ заспявалі мы сёння на пачатку казання, бо Езус так палюбіў нас, што „абмінае горы і рэкі, каб у Гостыі прыйсці“ да нас, накарміць нас, каб прывесці нас да радасці прабывання з Ім у Небе. Каб мы не стаміліся, не аслаблі ў жыцці, Езус прыходзіць да нас у святой Камуніі», — падкрэсліў арцыпастыр, дадўшы, што Збаўцу заўсёды можна сустрэць у касцёлах, на нядзельнай святой Імшы, у малітве, а таксама ў добрых учынках, зробленых для бліжняга.

Звяртаючыся напрыканцы казання да прысутных на Імшы дарослых — бацькоў, душпастыраў і катэхетаў, — арцыбіскуп Станеўскі скіраваў да іх запрашэнне:

«Давайце дапаможам гэтым дзецям слухаць словы Езуса, шукаць блізкасці з Ім, заставацца ў Яго любові».

Пасля Імшы частка пілігрымаў засталася ў касцёле, дзе маліліся Фацімскі Ружанец, а дзяцей арганізатары накармілі цёплым абедам. Людзі дзяліліся адно з адным прывезенымі з сабой прысмакамі, і, умацаваныя духоўна, падсілкаваліся таксама фізічна.

Пасля абеду дзяцей запрасілі на забаўляльную праграму, якой не перашкодзіла нават зменлівае надвор’е, хоць у пэўны момант сыпануў такі дождж, што ўдзельнікі паспяшаліся ў базыліку, і там, у доме Марыі, знайшлі прытулак ад непагадзі.

Гэта было даволі сімвалічна, бо стала ўрокам, што ад кожнай нягоды можна знайсці прытулак пад матчыным плашчом Багародзіцы.

На заключны дзень Вялікай навэнны ў Будслаў прыбыла група незвычайных пілігрымаў. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі з дапамогай валанцёраў з Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas здзейснілі трохдзённую пілігрымку Гомель–Мінск–Будслаў. Іх прысутнасць таксама стала ўрокам міласэрнасці для ўдзельнікаў малітоўнай сустрэчы ў Нацыянальным санктуарыі, перадусім для дзяцей.

Падобна, што заключны дзень Вялікай навэнны сабраў у Будславе найбольшую колькасць удзельнікаў: толькі дзяцей было больш за сем соцень.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прыняў рашэнне, што з наступнага года ў першую суботу чэрвеня будзе адзначацца архідыяцэзіяльны Дзень дзіцяці, і з гэтай нагоды ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будуць збірацца дзеці з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Жывым пацвярджэннем цытаваных арцыбіскупам Станеўскім словаў Папы Францішка, які кажа, што той, хто жыве з Хрыстом, ніколі не старэе, стаў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Адзін з найбольшых папулярызатараў культу Маці Божай Будслаўскай і адзін з найстарэйшых святароў у архідыяцэзіі ў свае 73 гады знаходзіцца ў выдатнай форме і паказаў клас катання на монаколе.

Вялікі фотарэпартаж з сустрэчы першакамунійных дзяцей у Будславе — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

 

Абноўлена 06.06.2023 10:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця