Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай
да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
27 мая 2023 года нашую дыяцэзіяльную супольнасць як адну сям’ю збярэ вакол сябе Маці Божая Брэсцкая. Пан Бог у сваёй вялікай міласэрнасці і прадбачлівасці пакінуў нам велічную выяву Багародзіцы як бачны знак Яго апекі.
Цудадзейны абраз Маці Божай Брэсцкай вядомы з ХVІ стагоддзя. На ім прадстаўлена Найсвяцейшая Панна, схіленая ў малітоўнай паставе над Дзіцяткам Езусам, а праваруч Багародзіцы — святы Ян Хрысціцель, які ўглядаецца ў Божае Дзіцятка-Збаўцу.
Гэты абраз нагадвае нам знакамітую выяву Маці Божай з рымскай базылікі Святой Марыі Вялікай — Santa Maria Maggiorе. Яго гісторыя звязвае нас і з Папам Клімэнтам VІІІ, і з каралевай Бонай Сфорцай, а перадусім — з вялікай гісторыяй Касцёла ў горадзе Брэсце. Як ведаем, да ХІХ стагоддзя гэтая цудатворная выява Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзілася ў старадаўнім бэрнардынскім касцёле. Калі ў 1856 годзе быў узведзены сучасны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў новым цэнтры горада Брэста замест аднайменнага касцёла з часоў Вялікага князя Вітаўта, абраз Маці Божай Брэсцкай заняў сваё пачэснае месца ў новай святыні.
Нягледзячы на драматычныя падзеі ХХ стагоддзя, войны і атэістычны пераслед, руплівыя брэсцкія католікі захавалі падараваную ім Божым Провідам выяву Найсвяцейшай Панны. У 1990 годзе яна вярнулася ў адноўлены касцёл Узвышэння Святога Крыжа, а ў 1996 годзе абраз Маці Божай Брэсцкай быў увенчаны папскімі каронамі як першы сярод цудадзейных выяваў у найноўшай гісторыі Касцёла ў Беларусі.
Сёлетнія ўрачыстасці, якія мы будзем перажываць з удзелам Апостальскага нунцыя ў нашай краіне арцыбіскупа Антэ Ёзіча, няхай стануць для нас нагодай да таго, каб падзякаваць за ўсе ласкі Добраму Богу і Найсвяцейшай Дзеве, якую ў Брэсцкай выяве ўшаноўваем як «Маці Выратавальніцу».
Няхай у гэты дзень перад алтаром Маці Божай Брэсцкай не спыняюцца малітвы падзякі і праслаўлення Пана Бога за Яго апеку і благаслаўленне.
Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў з нашых парафій прыняць удзел ва ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай, каб даверыць Яе матчынай апецы ўсе супольнасці і сем’і нашай Пінскай дыяцэзіі, якая, перажываючы Год Надзеі, рыхтуецца да радаснага юбілею 100-годдзя яе заснавання. Няхай нашая сумесная малітва перад выявай Маці Божай Брэсцкай яшчэ больш умацуе нас у веры, надзеі і любові.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 20 мая 2023 г.