Пошук

19.05.2023 12:15   Паводле: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

17 мая ў Полацку з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча адбылася сустрэча выкладчыкаў катэхезы, якія працуюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, сустрэчы, якая мела малітоўна-фармацыйны характар, узялі ўдзел святары, сёстры і свецкія асобы, якія ў парафіях вучаць рэлігіі дзяцей і моладзь.

Напачатку адбылася Эўхарыстычная адарацыя з Маёвым набажэнствам да Найсвяцейшай Панны Марыі, а потым — святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Фармацыйная частка праграмы ўключала дзве канферэнцыі. Афіцыял Біскупскага суду ксёндз Аляксей Ляшко прадаставіў дакумент ККББ «Прынцыпы працы і правілы паводзін з непаўналетнімі ў дыяцэзіях Беларусі».

У сваім дакладзе святар, між іншым, звярнуў увагу прысутных на тое, што санкцыі, прадугледжаныя за злоўжыванні для духоўных асоб, не маюць тэрміну даўніны, дадаўшы, што падарваную рэпутацыю цяжка вярнуць.

Святар падкрэсліў, што Святы Пасад вельмі строга ставіцца да злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх і ўразлівых асоб. Паводле ксяндза Аляксея, святары і сёстры павінны тлумачыць, што абавязак рэлігійнага выхавання ускладзены перадусім на бацькоў, а катэхеты ім толькі ў гэтым дапамагаюць.

Другая канферэнцыя была прысвечана тэме: «Дзяцінства — прастора дабрыні, або Дзеці супраць жорсткасці і гвалту», якую прэзентавала сястра Ірына Барцэвіч FMA. Салезіянка скончыла двухгадовую аспірантуру пры кракаўскай акадэміі Ignatianum (Польшча) па кірунку «Прадухіленне сексуальнага гвалту ў дачыненні да дзяцей і моладзі» і ўваходзіць у склад камісіі аховы непаўналетніх пры ККББ у якасці прадстаўніка Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Сястра Ірына дала шэраг практычных парад наконт таго, што рабіць, калі ўзнікла патрэба аказаць дапамогу тым, хто пацярпеў жосткасці ці гвалту.

Паводле яе, па-першае, трэба выслухаць чалавека, ні ў якім выпадку яго не абвінавачваць; па-другое пастарацца быць побач, не адкідаць яго. Не кожны можа прапанаваць псіхалагічную кансультацыю, таму ахвяры трэба даць нумары «тэлефонаў даверу», куды можна патэлефанаваць. Законніца таксама звярнула ўвагу катэхетаў на тое, што вельмі важна мець кантакт з бацькамі.

Праца ў групах заключалася ў пошуку адказаў на выклікі і заданні, якія стаяць перад катэхетамі. Сястра Ірына Грыгаровіч распавяла пра неабходнасць падрыхтаваць адзіную праграму катэхезы на адным узроўні, распрацаваць гадавы план фармацыі і выказала просьбу аб даступнасці матэрыялаў да спампавання. «Не заўсёды маеш шмат часу, каб дзесьці штосьці шукаць па сайтах: патрэбны адзіны інтэрнэт-рэсурс, дзе будзе неабходны матэрыял», — выказала пажаданне катэхетка.

Прадстаўнікі іншых дзвюх груп, ксёндз Аляксандр Грыцкевіч і ксёндз Дзмітрый Рацько звярнулі ўвагу на неабходнасць весці працу з бацькамі, а часам і рабіць катэхезу для іх.

«Мы ўкладаем веды ў дзяцей, рыхтуем да Першай Камуніі, а пасля іх няма ў касцёле, бо бацькам гэта не патрэбна», — канстатаваў адзін з душпастыраў. Была таксама адзначана неабходнасць фармацыі свецкіх катэхетаў, якая магла б весціся нават з дапамогай курсаў анлайн.

Алена Татун звярнула ўвагу на неабходнасць весці дзіця да асабістых адносін з Богам, каб яно разумела, што «Бог — жывы і любячы Айцец, а не проста абразок».

Апошняя, пятая група засяродзіла ўвагу на неабходнасці развіцця душпастырскіх суполак па-за межамі катэхезы: ЭРМ, святліца і г.д. Ксёндз Валерый Марціноўскі заклікаў знаходзіць з вучнямі шлях да сакрамантаў, каб гэта была не проста тэорыя, але і практыка.

Пасля агульнай часткі адбылася сустрэча катэхетычнага аддзела Курыі Віцебскай дыяцэзіі.

Наступная сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі запланавана на 9 верасня ў Глыбокім.

 

Абноўлена 19.05.2023 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа