Пошук

10.10.2016 00:00  

10 кастрычніка ў в. Ляскоўка пад Мінскам распачалася Міжнародная сустрэча супрацоўнікаў і партнёраў «Карытас». У міжнародным форуме з удзелам замежных партнёраў з Чэхіі, Аўстрыі і Германіі прымаюць удзел і некаторыя беларускія іерархі на чале з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Тэма сустрэчы — «Міласэрнасць на дарогах трагедыі».

Распачаўся форум святой Імшой, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Як падкрэсліў прадстаўнік Папы, хрысціянская дабрачынная дзейнасць перш за ўсё з’яўляецца адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя — апрануты, хворых неабходна лячыць з надзеяй на аздараўленне.

Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім прывітальным слове звярнуў увагу на служэнне «Карытас» у кантэксце Божай міласэрнасці.

«Тэма міласэрнасці, як галоўная тэма Юбілейнага Года, дзякуючы служэнню “Карытас”, павінна ўспрымацца як час ласкі для ўсіх хрысціян, а таксама як момант пастырскага прабуджэння і навяртання, — адзначыў арцыпастыр. — Яна таксама павінна заклікаць да больш актыўнай дзейнасці з мэтай дапамогі патрабуючым».

«Карытас — дзіця адроджанага, як фенікс з попелу, Касцёла ў Беларусі»

«"Карытас" — гэта дзіця адроджанага, як фенікс з попелу, Касцёла ў нашай краіне. Яно ўжо стала дарослым і мужным, — сказаў іерарх. — Яму па плячу складаныя і адказныя заданні ў галіне дабрачыннасці, а праз яе і развіццё адносін з грамадствам і іншымі веравызнаннямі, найперш з Праваслаўнай Царквой».

Прывітальнае слова Мітрапаліта тут››

Асобную падзяку за сумесную працу з «Карытас» Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў замежным партнёрам, а таксама Праваслаўнай Царкве і дзяржаўным службам. Прыгадваючы тэму сустрэчы, арцыпастыр нагадаў пра важнасць міласэрнасці «на дарогах трагедыі», адной з якіх стала для Беларусі Чарнобыльская катастрофа.

«У 30-ю гадавіну катастрофы на ЧАЭС, дзякуючы падтрымцы "Рэнавабіс", дэлегацыя беларускіх і ўкраінскіх ліквідатараў наведала Ватыкан і сустрэлася з Папам Францішкам. Трэба адзначыць, што “Карытас” прымае актыўны ўдзел у дапамозе ахвярам гэтай тэхнагеннай катастрофы».

Адным з важнейшых выклікаў сённяшняга часу Мітрапаліт назваў праблему міграцыі. Іерарх дадаў, што патрэба людзей важная, нягледзячы на іх веравызнанне і нацыянальнасць:

«У кожным патрабуючым неабходна бачыць Божае стварэнне, якое апынулася ў цяжкай сітуацыі, можа, нават у жыццёвай трагедыі, і старацца яму дапамагчы».

Распавядаючы пра бежанцаў з Украіны, іерарх распавёў пра імкненне Касцёла падтрымаць іх пры дапамозе дзейнасці «Карытас»:

«Гэта людзі, якія апынуліся ў крытычнай сітуацыі. Яны нашы суседзі і патрабуюць асаблівай увагі».

Напрыканцы арцыпастыр пажадаў арганізатарам і ўдзельнікам сустрэчы непрадузятага падсумавання вынікаў сваёй дзейнасці.

Асобны даклад, прысвечаны вынікам працы «Карытас» за апошнія тры гады і будучым задумкам, прадставіў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар «Нацыянальнага Карытас».

Як падкрэсліў святар, «”Карытас” удзяляе асаблівую ўвагу дзецям-сіротам, інвалідам, малазабяспечаным асобам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім, хто перажывае складаную жыццёвую сітуацыю, незалежна ад рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці».

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў з аднайменным дакладам на тэму канферэнцыі. Іерарх адзначыў, што «матыў дарогі з’яўляецца адным з найбольш істотных тэалагічных элементаў у біблійным прадстаўленні гісторыі выбранага народу, якая разам з тым — і варта пра гэта памятаць — з’яўляецца гісторыяй збаўлення».

«Як для Абрагама, так і для іншых патрыярхаў дарога становіцца праверкай іх веры і вернасці Пану Богу, даверу і аддання сябе Яго волі. І гэта таксама добрая нагода для асабістага духоўнага ўзрастання, для адкрыцця новых гарызонтаў веры, для перажывання асабістага досведу Бога, прысутнага ў розных жыццёвых здарэннях».


(IL), (DN)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа