29 красавіка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (Віцебская дыяцэзія) адбыліся юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя заснавання Кангрэгацыі сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.
Па запрашэнні дэлелегаткі Беларуска-літоўскай Дэлегатуры гэтай законніцкай супольнасці сястры Антаніны Багадановіч SJE, ва ўрачыстасцях у браслаўскім санктуарыі ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
У Браслаў, дзе дзейнічае найбольшая супольнасць сясцёр эўхарыстак у Беларусі, павіншаваць іх з юбілеем прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з усіх дыяцэзій Беларусі, кансэкраваныя асобы з розных манаскіх супольнасцяў, мясцовыя вернікі і госці. На пачатку ўрачыстай Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначалі нунцый Ёзіч, усіх сабраных у святыні перад цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі азёраў прывітаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, абедзве родныя сястры якога належаць да кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак.
Ва ўступным слове іерарх нагадаў пра гісторыю гэтай законніцкай супольнасці, якая была створана ў 1923 годзе благаслаўлёным Юрыем Матулевічам, тагачасным Віленскім біскупам.
Біскуп Буткевіч асаблівым чынам падкрэсліў вялізную ролю сясцёр эўхарыстак, якія ва ўсіх гістарычных перыпетыях — а іх было нямала за мінулае стагоддзе — верна служылі Богу і Яго народу згодна з дэвізам супольнасці: «Усё для Хрыста і праз Хрыста».
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату прызнаўся, што і яму, ураджэнцу Браслава, у часы пераследу веры дапамагала рыхтавацца да першай Камуніі сястра эўхарыстка, якая пакрыёма, не маючы магчымасці насіць сваё манаскае адзенне, вучыла рэлігіі дзяцей у браслаўскай парафіі.
Падчас святой Імшы, якая цэлебравалася ў інтэнцыі падзякі за стагоддзе руплівага служэння сясцёр эўхарыстак, нунцый Ёзіч прамовіў гамілію, у якой перадусім адзначыў, што гэта — «момант праслаўлення і падзякі Пану за дары ласкі і святасці, якія Пан даў сёстрам <…> і Касцёлу на працягу стагоддзя.
Магу толькі ўявіць, колькі прыгожых гісторый вернасці Хрысту і служэння абвяшчэнню Евангелля вы перажылі за апошнія сто гадоў», — сказаў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне. Ён дадаў, што ахвяруе Імшу не толькі як падзяку за мінулае стагоддзе, «але і за будучыя гады, каб вы былі вернымі харызме заснавальнікаў».
Апостальскі нунцый заўважыў, што супольнасць была створана у «нялёгкія часы паміж дзвюмя сусветнымі войнамі, падчас якіх панавалі голад і хваробы, таму благаслаўлёны біскуп вырашыў дапамагчы сваім вернікам, паслаўшы вашых сясцёр, каб аблегчыць іх раны і прынесці ім Езуса Эўхарыстычнага, каб даў кожнаму сілу, надзею і збаўленне».
Звярнуўшыся да найбольш яркіх і характэрных служэнню сясцёр эўхарыстак момантаў на працягу цэлага стагоддзя існавання гэтай законніцкай супольнасці, прадстаўнік Святога Айца сказаў:
«Адзначаючы стагоддзе вашага існавання, дарагія сёстры, хачу падзякаваць усім вам за адважнае сведчанне вашай харызмы ў Касцёле, асабліва ў Беларусі. Нашаму Касцёлу ў Беларусі асабліва патрэбныя новыя місіянеры і місіянеркі: такія, якімі былі вашыя сёстры на пачатку сваёй місіі. Нас прыцягвае іх прыклад, іх жыццёвы шлях, калі мы думаем пра тое, у якіх умовах яны жылі і з колькімі цяжкасцямі ім даводзілася сутыкацца кожны дзень. Яны не баяліся. Гэта былі смелыя жанчыны.
Сёння і мы просім Пана, каб перадаў нам той запал да евангелізацыі, які падштурхнуў вашых сясцёр усім сэрцам адказаць на заклік Пана», — дадаў Апостальскі нунцый. На заканчэнне гаміліі ён павіншаваў сясцёр з юбілеем існавання іх кангрэгацыі, запэўніўшы іх у сваёй малітве аб тым, каб Бог благаславіў іх саміх, іхнюю працу, малітву, місію і, перш за ўсё, іх адданасць Езусу ў Эўхарыстыі.
«Адважна працягвайце сваю місіянерскую працу не столькі дзеля заслужанай узнагароды, але заўсёды ў надзеі, што Пан дасць добрых і годных работнікаў на Яго жніве ў новым тысячагоддзі», — заахвоціў эўхарыстак нунцый Антэ Ёзіч.
Пасля Камуніі сястра Ала Буткевіч SJE прамовіла адмысловую юбілейную малітву праслаўляння і падзякі Богу за стагоддзе існавання кангрэгацыі.
Ад імя ўсіх сясцёр у малітве гучала падзяка Найвышэйшаму за айца заснавальніка благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча і за харызму ў духу Эўхарыстычнай Ахвяры Езуса Хрыста, а таксама за ўсе тыя вялікія справы, якія Бог здзейсніў у гэтай законніцкай сям’і, а праз яе — у святым Касцёле і свеце на працягу ста гадоў.
У юбілейны год сёстры ў малітве дзякуюць за Божую апеку, з дапамогай якой нават у найбольш неспрыяльны час іх кангрэгацыя развівалася і распаўсюджвалася, і за ўсіх cясцёр, якія ад пачатку існавання кангрэгацыі жылі харызмай пашаны да Езуса ў Эўхарыстыі і пашыралі яе ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Казахстане, Грузіі, Расіі, Сібіры, Таджыкістане, Украіне, а таксама ў Італіі, Лівіі, Германіі і на Кубе.
На заканчэнне святой Імшы свае віншаванні сёстрам эўхарысткам выказалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Анджэй Юхневіч OMI, прадстаўнікі законніцкай супольнасці ксяндзоў марыянаў, якая была адноўлена заснавальнікам эўхарыстак благаслаўлёным біскупам Юрыем Матулевічам, і прадстаўнікі браслаўскай парафіі, удзячныя сёстрам за іх руплівае служэнне на працягу доўгіх гадоў. Акрамя таго, былі зачытаныя віншаванні, якія скіравалі эўхарысткам з нагоды юбілею існавання кангрэгацыі намеснік Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка арцыбіскуп Эдгар Пэнья Парра і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама ліст, які скіравала сёстрам у Беларусі генеральнай настаяцельніка кангрэгацыі сястра Малгажата Ваўрык SJE.
Настаяцельніца супольнасці ў Беларусі і Літве сястра Антаніна Багдановіч ад імя ўсіх сясцёр падзякавала за супольную малітву і віншаванні.
Пасля Імшы прысутным была прапанавана відэапрэзентацыя, падрыхтаваная браслаўскай супольнасцю сясцёр на чале з мясцовай настаяцельніцай сястрой Наталляй Арлянковіч SJE, якая пазнаёміла з гісторыяй і актуальнасцю служэння эўхарыстак у Беларусі.
Кожны з удзельнікаў мог атрымаць на памяць маленькі сувенір ад сясцёр, а нунцый Ёзіч уручыў сястры дэлегатцы памятны срэбраны медаль бягучага года Пантыфікату Папы Францішка.
Падчас смачнага абеду, якім сёстры частавалі гасцей, выхаванцы друйскай музычнай школы, радавалі прысутных таленавітай ігрой на музычных інструментах. У другой палове дня Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч разам з маці настаяцельніцай і ў суправаджэнні біскупаў Буткевіча і Касабуцкіага наведаў Друю: горад на самай мяжы з Латвіяй, дзе сто гадоў таму ўзнікла першая супольнасць сясцёр эўхарыстак.