Пошук

28.04.2023 06:01   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
НЕ БОЙЦЕСЯ, АДПЛЫВІЦЕ НА ГЛЫБІНЮ
Слова на нядзелю Добрага пастыра 2023

Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы.
(Пс 23(22), 1)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы рэспансарыйнага псальма літургіі Чацвёртай Велікоднай нядзелі добра характарызуюць яе сэнс як нядзелі Добрага пастыра.

Сённяшнія імшальныя чытанні дапамагаюць нам паглядзець на Езуса як на Добрага пастыра, які клапоціцца пра свой духоўны статак, да якога мы ўсе належым. Яны таксама заахвочваюць нас клапаціцца пра новыя пакліканні, бо словы Езуса: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала» (Мц 9, 37), — заўсёды актуальныя, асабліва цяпер, калі колькасць святароў і кансэкраваных асоб памяншаецца.

Касцёл у Беларусі адчувае не толькі фізічны, але і духоўны іх недахоп, а між тым запатрабаванасць у іх служэнні з дня на дзень павялічваецца.

Мы павінны клапаціцца не толькі пра штодзённыя справы, але таксама і пра духоўныя. Не зможам гэтага зрабіць без святароў, якія дзейнічаюць моцаю Хрыста (пар. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітэраў Presbiterorum ordinis РО 2). Ніхто і нішто не можа іх замяніць.

Як школа не можа выканаць сваёй місіі без настаўнікаў, таксама і Касцёл без святароў. Таму неабходна ўслухоўвацца ў словы псальміста: «Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23(22), 1) і клапаціцца пра тое, каб было больш тых, хто ў імя Езуса абвяшчае Божае слова, асвячае людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і ў служэнні людзям кіруе імі.

2. У сённяшнім Евангеллі Езус выкарыстоўвае вобраз пастыра, бо пастухі былі добра вядомымі ў час Езуса Хрыста. Адным з найбольш складаных і адказных іх абавязкаў была абарона авечак, асабліва ноччу, каб на іх не напалі дзікія звяры і ніхто не ўкраў.

Для гэтага яны збіралі розныя статкі авечак у адной загарадцы, каб разам сцерагчы іх уначы. Адзін з пастухоў клаўся спаць перад уваходам у загарадку. Ён быў гатовы літаральна аддаць сваё жыццё за авечак. Раніцай кожны пастух клікаў свой статак. Авечкі распазнавалі яго голас і ішлі за ім на пашу.

Езус з’яўляецца тым пастырам, які ведае нас, як пастух сваіх авечак, сцеражэ ад зла і вядзе ў новую прастору Божага жыцця. Мы таксама павінны распазнаваць Яго голас і ісці за Ім.

3. У часы шматлікіх крызісаў мы часта не ведаем, каго слухаць і за кім ісці. Але кожны крызіс таксама з’яўляецца часам новай надзеі, бо змушае да пошуку шляхоў яго вырашэння. Таму час крызісу не можа быць часам абыякавасці. Зыходзячы з прынцыпаў Евангелля, мы павінны супольна адказваць на яго выклікі.

Езус здзейсніў шмат цудаў, у тым ліку цуд аздараўлення глуханямога (пар. Мк 7, 31–37). У чым яго сэнс? Езус не толькі вылечыў хворага, але адначасова кінуў выклік глухаце рэлігійных лідараў, якія адмаўляліся Яго слухаць. Ён таксама хоча, каб і мы не былі глухімі да Яго голасу і да веры, якая заклікае нас любіць Бога і адзін аднаго. А мы глухія ці слухаем Бога? Вера ж ад слухання, як кажа святы апостал Павел (пар. Рым 10, 17).

У нашым жыцці гучыць шмат галасоў. Але ці ведаем, які з іх належыць Езусу? Ці адрозніваем Ягоны голас ад іншых? Ці слухаем Яго? Калі слухаем, то праз Яго ўваходзім у новы свет і змяняемся.

Ці гэта магчыма без святара? Не! Галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя. Божага слова чакаюць як яшчэ неевангелізаваныя народы, так і тыя, якія прынялі Евангелле даўно, але ў секулярных тэндэнцыях сучаснасці яго згубілі; тыя, для каго вера стала чымсьці малаважным.

Нашым адзіным Збаўцам ёсць Езус Хрыстус (пар. Ян 4, 42).

Святар як аlter Christus — «другі Хрыстус» — з’яўляецца працягам рук Хрыста, якога ён прадстаўляе. А гэтых рук сёння не хапае.

4. Святы Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte — «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» — звярнуўся да вернікаў усяго свету з заклікам: «Адплывіце на глыбіню» (пар. Лк 5, 4 — NMI 1). Гэта тыя самыя словы, якімі Езус заклікаў Пятра і яго сяброў адплысці на глыбіню і закінуць сеці. Нягледячы на тое, што за ўсю ноч яны нічога не злавілі, тым не менш даверыліся слову Хрыста, закінулі сеткі і злавілі вялікую колькаць рыбы (пар. Лк 5, 4—6).

Заклік Езуса адплысці на глыбіню актуальны і ў наш час, калі перад абліччам шматлікіх цяжкасцяў усё часцей праяўляецца абыякавасць, якая не вырашае праблем, але нават іх паглыбляе.

Галоўнай умовай адплыцця на глыбіню з’яўляецца выхаванне ў сабе глыбокага малітоўнага духу. Сапраўднасць хрысціянскага жыцця вымяраецца глыбінёй малітвы — мастацтва, якому трэба пакорна вучыцца з вуснаў Боскага Настаўніка, просячы, як першыя вучні: «Пане, навучы нас маліцца» (Лк 11, 1).

У малітве развіваецца дыялог з Хрыстом, які робіць нас блізкімі адзін да аднаго. Нездарма Езус кажа: «Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас» (Ян 15, 4). Малітоўная сувязь з Хрыстом заклікае нас адчуваць Яго прысутнасць нават у моманты відавочнай няўдачы, як гэта здарылася з апосталамі, якія ўсклікнулі: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі» (Лк 5, 5). У такія моманты неабходна адкрыць сэрца на Божую ласку і дазволіць з усёй моцай дзейнічаць закліку Збаўцы адплысці на глыбіню.

5. Той, хто адкрывае сваё сэрца Хрысту, спасцігае таямніцу свайго існавання і паклікання, а таксама атрымлівае цудоўныя плады ласкі.

Першым з іх з’яўляецца ўзрастанне ў святасці на духоўным шляху, які распачынаецца хростам і працягваецца да поўнага дасягнення дасканалай любові, як вучыць святы Ян Павел ІІ (пар. NMI 30).

Жывучы паводле Евангелля, хрысціянін становіцца ўсё больш здольным любіць так, як Езус. Ён таксама абавязваецца трываць у еднасці са сваімі братамі і сёстрамі ў супольнасці Касцёла і аддае сябе на службу новай евангелізацыі, каб абвяшчаць і сведчыць аб цудоўнай праўдзе збаўчай любові Бога.

6. Дарагія юнакі і дзяўчаты, сёння да вас звяртаецца Касцёл з запрашэннем Хрыста адплысці на глыбіню. Прыходзіць час, калі трэба выбраць жыццёвы шлях. Гэта нялёгкае пытанне, і маладыя людзі часта не ведаюць, як распазнаць сваё пакліканне, каб быць шчаслівымі. Дапамогай можа быць малітва, размовы са святарамі, кансэкраванымі асобамі, бацькамі, спаведнікамі, а таксама релігійная літаратура і касцёльныя сродкі інфармацыі.

Святы Ян Павел ІІ вучыць, што пакліканне з’яўляецца Божым планам, у якім Бог хоча каб мы былі шчаслівымі цяпер і ў вечнасці. Тады мы рэалізуем саміх сябе і пацвярджаем сапраўднасць нашага паклікання згодна з Божым планам, які ажыццяўляецца настолькі, наколькі ён намі распазнаны і прыняты, як наш уласны план і праграма жыцця (пар. Ioannes Paulus II. Epistula Apostolica ad іuvenes Dilecti amiciDA 9).

7. Характэрным прыкладам з’яўляецца пакліканне евангеліста Мацвея. Ён быў мытнікам і лічыўся вялікім грэшнікам, бо супрацоўнічаў з акупацыйнай рымскай уладай і выкарыстоўваў сваё становішча для асабістага ўзбагачэння. Аднойчы побач з мытняй праходзіў Езус і сказаў яму: «Ідзі за Мною» (Мк 2, 14). Мацвей пакінуў ўсё і пайшоў за Ім, каб з грэшніка стаць апосталам.

Такімі самымі словамі «Ідзі за Мною» Хрыстус звяртаецца сёння да вас, маладыя людзі, з вашымі ўнікальнымі гісторыямі жыцця.

Не бывае двух вучняў таго ж самага паходжання. Усе паходзяць з розных сем’яў, ва ўсіх розныя таленты, матэрыяльны, інтэлектуальны і духоўны стан, іншыя асаблівасці. Таму не дзіўна, што Езус кліча сваіх паслядоўнікаў таксама і з ліку грэшнікаў, падобна як было з Мацвеем. Вядома, што Езус мог выбраць чалавека, які адзначаўся святасцю, але выбраў грэшніка, каб паказаць, што і грэшнік можа стаць святым і прыладай у руках Бога. Езус бачыць сэрца чалавека і яго шчодры дух, які гатовы пазнаць праўду і жыць ёй. Ён кліча, а мы павінны адказаць.

Няхай станоўчы адказ на заклік Хрыста зробіць Вас, маладыя людзі, шчаслівымі і спатоліць голад пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця ў нашай Айчыне. Касцёл бачыць у вас тых, хто шукае сэнсу свайго існавання, каб быць яго шчаслівай будучыняй. Вы маеце патрэбу ў Хрысце, але і Ён мае патрэбу ў вас. Гэта як дарога з рухам у двух кірунках. Даверцеся Яму, слухайце Яго вучэнне, засяроджвайце свой позірк на Ім. Дазвольце Яму кіраваць кожным вашым памкненнем і жаданнем сэрца.

8. Касцёл звяртаецца да Вас, дарагія бацькі і хрысціянскія выхавацелі; да вас, святары, кансэкраваныя асобы і катэхеты. Будзьце для маладых прыкладам шчодрай вернасці Хрысту. Заахвочвайце іх не марудзіць з адплыццём на глыбіню, неадкладна адказваючы на запрашэнне Езуса. Дапамажыце ім распазнаць шлях паклікання, каб маглі стаць сапраўднымі Яго сябрамі і вучнямі. Калі дарослыя прыкладам свайго жыцця робяць бачным аблічча Хрыста, то маладыя людзі лягчэй прымаюць Яго патрабавальнае пасланне, пазначанае таямніцай Крыжа.

Добрым прыкладам з’яўляюцца святары, якія ў часы ганенняў на веру працавалі за траіх, каб толькі служыць людзям, а многія з іх сталі мучанікамі.

9. У наш час існуе вялікая патрэба ў святых святарах і кансэкраваных асобах. Таму неабходна тэрмінова звярнуць увагу на належнае і адмысловае душпастырства пакліканняў, якое ахоплівае парафіі, адукацыйныя цэнтры, сем’і, уключаючы больш уважлівае разважанне над істотнымі каштоўнасцямі жыцця, што знаходзяць свой сінтэз у адказе, які кожны пакліканы павінен даць на Божы заклік, асабліва тады, калі гэта патрабуе поўнага ахвяравання сябе і сваёй энергіі справе Божага Валадарства, як вучыць Ян Павел ІІ (пар. NMI 46).

Зважаючы на выклікі часу і неабходнасць неадкладнага адказу на іх, фармацыя будучых святароў павінна знаходзіцца ў цэнтры евангелізацыі, бо яны будуць ажыўляць і весці святы Божы народ, усведамляць сакрамэнтальную прысутнасць Пана сярод статка, карміць яго і клапаціцца пра яго, кажа Папа Францішак. Фармацыя таксама павінна адбывацца з захаваннем нашых традыцый, якія прайшлі выпрабаванне часам.

10. Сёння, у нядзелю малітваў аб пакліканнях, Касцёл паўтаре словы Езуса «адплывіце на глыбіню» вам, маладыя людзі, з заклікам ісці за Езусам, які кліча вас. Калі гэты заклік даходзіць да вашага сэрца, не адкідайце яго! Няхай ён ператворыцца ў пакліканне да святарства і кансэкраванага жыцця!

Дарагая моладзь, Хрыстус просіць Вас адплысці на глыбіню, а Марыя як Маці святароў і кансэкраваных асоб заахвочвае не вагаючыся ісці за Ім, Яе Сынам.

Няхай падтрыманая матчыным заступніцтвам Маці Божай палымяная малітва да Нябеснага Айца ўздымаецца з усіх куткоў нашай Айчыны, каб Ён паслаў працаўнікоў на сваё жніво (пар. Мц 9, 38), і каб мы не мелі недахопу (пар. Пс 23 (22), 1) у руках, якія з’яўляюцца працягам рук Хрыста Збаўцы.

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 красавіка 2023 г.свята святога Марка, евангеліста

 

 

Абноўлена 28.04.2023 09:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа