Пошук

24.04.2023 19:19   Тэкст: Валянціна Міхайлоўская / Catholic.by
Фота Вольгі Кісліцкай

23 красавіка ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі 70-годдзе з дня нараджэння і 45-годдзе святарства пробашча, ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, грэміяльнага каноніка Мінскага катэдральнага капітула святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай.

Ва ўрачыстасці з гэтай нагоды разам са шматлікімі вернікамі ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары з розных мясцін і дыяцэзій.

Заслужанага святара павіншаваў таксама прадстаўнік дзяржаўнай улады: першы намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Павел Губко, які між іншым, адзначыў:

«Касцёл святога Юзафа — гэта візітная картка каталіцкай супольнасці Маладечанскага раёна, а імя ксяндза Эдмунда ўвайшло ў гісторыю Маладзечна як святара, які першым у горадзе адрадзіў і аднавіў яшчэ ў савецкі перыяд Касцёл, а цяпер застаецца мудрым духоўным настаўнікам для кожнага, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх падзеях грамадскага жыцця». Прадстаўнік дзяржавы выказаў падзяку ксяндзу Эдмунду і за ўдзел у яго асабістым сямейным жыцці: за благаслаўленне сужэнства і хрост дзяцей. Прысутны на ўрачыстасці Леанід Крупец, які ў свой час узначальваў Мінскі аблвыканкам, а потым быў паслом Беларусі ў Бразіліі, у сваім віншаванні адзначыў, што на працягу многіх гадоў яны з ксяндзом Эдмундам дапамагалі адзін аднаму ў выкананні дзяржаўных і духоўных абавязкаў.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў прысутных скіраваць думкі да Пана Бога з удзячнасцю за шматгадовую працу ксяндза Эдмунда і працытаваў словы Папы Францішка: «Незалежна ад узросту, кожны, хто дакранаецца да Езуса Хрыста, становіцца маладым».

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які засяродзіўся на ўрыўку Евангелля Трэцяй Велікоднай нядзелі, у якім апавядаецца пра сустрэчу двух вучняў з уваскрослым Езусам на дарозе ў Эмаўс. «Як часта мы праходзім побач з Богам, не заўважаем і не адчуваем Яго прысутнасці. І толькі святар можа дапамагчы людзям, якія не могуць убачыць Бога, пачуць Яго словы. Сэнс служэння кожнага святара — весці людзей да сустрэчы з Уваскрослым Езусам», — адзначыў заслужаны іерарх, дадаўшы, што ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі не толькі будаваў касцёл як святыню, а будаваў жывы Касцёл як супольнасць.

«Сёння мы можам радавацца плёну святарскага клопату ксяндза Эдмунда: чатырнаццаць святароў і адзін біскуп. Нам важна штодзённа маліцца аб святарскіх пакліканнях, каб дапамагчы людзям пачуць голас Бога, сустрэць Яго на сваім жыццёвым шляху», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Біскуп Касабуцкі за арцыпастырам дадаў, як шмат давялося ксяндзу Эдмунду працаваць у душпастырстве: «Сапраўды, цяпер нават цяжка ўявіць перыяд, калі ў абавязкі ксяндза ўваходзіла служэнне адначасова ў 17-і парафіях». Біскуп, які сам быў выхаванцам маладзечанскага пробашча, параўнаў 70 — лічбу яго гадоў — са спартовым лікам 7:0. «7 — на карысць святара ў барацьбе са штодзённымі клопатамі, праблемамі і цяжкасцямі», — растлумачыў біскуп Юрый Касабуцкі.

У адрас ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага ў гэты дзень прагучала шмат віншаванняў: ад дзяцей, моладзі, парафіянаў. У адказ святар падзякаваў усім за свята, адзначыўшы, што дзякуючы многім людзям — сваім бацькам, родным, сябрам, настаўнікам і святарам — у свой час ён не размінуўся з Богам і змог адчуць Яго выратавальную сілу.

Абноўлена 24.04.2023 19:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця