15 красавіка ў катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску прайшоў фінальны этап дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання сярод дзяцей і падлеткаў.
У конкурсе, які сёлета ўжо ў пяты раз арганізавала Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі, узялі ўдзел дзеці і падлеткі да 14 гадоў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Як адзначаецца на сайце Catholicnews.by, рыхтуючыся да конкурсу, яго ўдзельнікі пазнаюць і вывучаюць змест розных кніг Бібліі. Гэтым разам іх увага засяродзілася на Кнізе Эстэры са Старога Запавету і Дзеях Апосталаў з Новага Запавету. У падрыхтоўцы дзецям і падлеткам дапамагалі дарослыя: бацькі, катэхеты, святары. Так, сястра Аляксандра Рыбалтоўская з законніцкай супольнасці Місіянерак Святой Сям’і паспяхова рыхтавала да конкурсу вучняў з дзвюх розных дыяцэзій.
«Трэба было прысвяціць шмат часу дзецям, але гэта быў карысны час, — распавядае пра свой вопыт катэхетка. — У Маладзечне мы рыхтаваліся кожную суботу на працягу трох месяцаў па дзве з паловай гадзіны. Дзеці з Параф’янаўскай і Валкалацкай парафій на падрыхтоўку мелі кожны раз па 45 хвілін, што няшмат на такі вялікі аб’ём.
У любым выпадку, для мяне было важна адкрыць дзіцяці прыгажосць Божага Слова, і я ставіла націск не столькі на вынік, колькі на пазнанне дадзеных кніг Святога Пісання і размовы на розныя духоўныя тэмы», — кажа сястра Аляксандра Рыбалтоўская MSF.
Першы, парафіяльны этап конкурсу адбыўся на пачатку сакавіка. У ім удзельнічала 220 дзяцей з 23-х парафій Віцебскай дыяцэзіі і 8-і парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У складанні пытанняў дыяцэзіяльнаму каардынатару конкурсу сястры Дар’і Галубковай OV дапамагалі сястра Мажэна Вельгус BDNP (парафія святога Антонія Падуанскага ў Віцебску) і Лаліта Арлоўская, валанцёрка Caritas.
Сястра Дар’я, якой сёлета давялося займацца падрыхтоўкай конкурсу на адлегласці, распавяла:
«Я вельмі перажывала, ці ўдасца з улікам абставін на адпаведным узроўні арганізаваць гэты конкурс, які для многіх стаў ужо добрай традыцыяй і моцнай матывацыяй да грунтоўнага вывучэння Святога Пісання. Я ўдзячная Пану Богу, маім памочнікам ды і самім дзеткам, бацькам і катэхетам за тое, што разам у нас усё атрымалася».
Пасля другога адборачнага этапу былі вызначаныя 56 фіналістаў, якіх чакалі цікавыя, часам складаныя заданні. Фінал конкурсу праходзіў у святочнай велікоднай атмасферы і суправаджаўся прыемнымі сустрэчамі старых сяброў і новых знаёмых, вясёлымі танцамі, пачастункамі і падарункамі.
Перад тым, як распачаць фінальны этап конкурсу, яго ўдзельнікі сабраліся на супольную малітву на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Удзел у Імшы стаў сведчаннем веры ў Хрыста — Слова Бога, якое сталася Целам. Як падкрэсліў у прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч, «важна, каб гэтае Слова было ўспрынята не толькі на інтэлектуальным узроўні, але прынесла багаты духоўны плён у жыцці».
Па выніках фіналу пераможцамі конкурсу сталі:
- у малодшай катэгорыі (да 11 гадоў уключна):
- Каралькова Аўрэлія, парафія святога Казіміра ў Маладзечне (рыхтавала сястра Аляксандра Рыбалтоўская MSF);
- Хілько Яніна, парафія святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (рыхтавала сястра Люцыя Бальцэвіч FMA)
- Кабакова Крысціна, парафія Маці Божай Ружанцовай у Ракаве (рыхтавала сястра Юлія Бугай ОР).
- у старэйшай катэгорыі (12–14 гадоў):
- Якубовіч Дар’я, парафія Нараджэння Маці Божай у Браславе (рыхтавала сястра Ірэна Варонька SJE);
- Шаура Канстанцін, парафія святога Казіміра ў Маладзечне (рыхтавала сястра Аляксандра Рыбалтоўская MSF);
- Макавецкая Маргарыта, парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, (рыхтавала с. Люцыя Бальцэвіч).
Сваімі ўражаннямі падзялілася з Catholicnews.by пераможца ў старэйшай катэгорыі Дар’я Якубовіч, якая летась заняла другое месца ў малодшай групе:
«Удзел у конкурсе прынёс мне шмат прыемных уражанняў. Найперш падрыхтоўка: для мяне і Дзеі Апосталаў, і Кніга Эстэры былі лёгкімі для ўспрымання, хоць апошняя запаміналася крыху хутчэй. Прыемнымі момантамі для мяне сталі святая Імша, якую праводзіў біскуп Алег, і калі мы з іншымі ўдзельнікамі супольна адказвалі на пытанні разміначнага тэсту. А падчас выканання асноўных заданняў я зусім не хвалявалася і вельмі цешылася, калі даведалася, што заняла першае месца.
Я лічу, што конкурс — гэта пазнавальнае і добрае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей з розных парафій у веры, у пазнанні Старога і Новага Запаветаў», — кажа дзяўчынка
Арганізатары конкурсу шчыра дзякуюць усім, хто прычыніўся да яго падрыхтоўкі і правядзення конкурсу, асабліва партнёрам з Caritas Лінц (Аўстрыя) за фінансавую падтрымку, а таксама супрацоўнікам і валанцёрам рэлігійнай місіі за працу па забеспячэнні мерапрыемства.