Пошук

19.04.2023 09:56   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

17 красавіка у цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася чарговая сустрэча ў межах адукацыйнага праекту, скіраванага на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб.

Красавіцкая сустрэча была перадапошняй у гэтым навучальным годзе, і на ёй ужо падводзіліся некаторыя вынікі працы каманд. Распачалося ўсё традыцыйна з малітвы, пасля якой каардынатар праекта ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB звярнуўся да сабраных з прывітальным словам і анонсам заключнай сустрэчы, якая адбудзецца 15 мая.

У першай палове дня прайшлі навучальныя заняткі па курсе «Стратэгічнае кіраванне манаскай супольнасцю», якія правёў спікер Андрэй Каралёў.

Удзельнікі каманд па праектных кірунках: праца з моладдзю, праца з сем’ямі, прафесійнае душпастырства медыцынскіх работнікаў, работа са СМІ і катэхізацыя працягнулі працу над фармаваннем кампанентаў стратэгій праектных каманд, выяўленнем і сістэматызацыяй існуючых праблем, іх наступстваў і прычын узнікнення.

На аснове выкананага хатняга задання прыступілі да фармавання неабходнага набору кампетэнцый манаскіх асоб для паспяховага служэння ў праектных напрамках. Бягучыя вынікі працы каманд у гэтым навучальным годзе з іх прэзентацыяй будуць прадстаўлены на заключнай сустрэчы.

Пасля перапынку на абед адбылася другая частка сустрэчы, на якой у якасці спікера выступала сястра Вікторыя Чэкан.

Удзельнікі разам з сястрой працягнулі знаёмства з новай дысцыплінай — кіберпсіхалогіяй, і гэтым разам разважалі над псіхалагічнымі асаблівасцямі людзей лічбавай эпохі, так званымі digital native, і яе ўплывам на разуменне чалавечай ідэнтычнасці.

Акрамя таго, падчас сустрэчы размова ішла пра залежнасці, у тым ліку залежнасць ад інтэрнэта, якая сёння разглядаецца Дыягнастычным і статыстычным кіраўніцтвам па псіхічным расстройствам пятага выдання (DSMV) як расстройства, якое патрабуе далейшага вывучэння. Важным пытаннем стала таксама праблема прагляду парнаграфіі як форма залежнасці, таму ўдзельнікі пазнаёміліся з псіхадынамікай развіцця такога кшталту праблем і магчымасцямі дапамогі.

У перспектыве завяршэння першага года навучання ўдзельнікі мелі магчымасць інтэграваць атрыманыя веды ў агульную карціну, што стане таксама дапамогай у падрыхтоўцы заключнай сустрэчы, на якой удзельнікі прадставяць вынікі сваёй працы.

Заключная сустрэча з падвядзеннем вынікаў і прэзентацыяй гадавой працы каманд адбудзецца 15 мая. Удзел у ёй возьмуць таксама іерархі Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Абноўлена 19.04.2023 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.