Пошук

17.04.2023 12:50   Тэкст: Аліна Жук / Фота: Ірына Крук / Catholic.by

Як жанчыны з радасцю беглі ад пустой магілы Езуса Хрыста, каб паведаміць Яго вучням пра цудоўнае ўваскрасенне, падобным чынам вернікі парафіі Божага Цела ў Нясвіжы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) і валанцёры парафіяльнага Caritas у Велікодны панядзелак 10 красавіка занеслі радасць Уваскрослага Хрыста патрабуючым.

Наведаўшы разам з парафіянамі і валанцёрамі пастаяльцаў псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Асмолава, пробашч парафіі ў Нясвіжы ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, павіншаваў іх са святам Пасхі і перадаў неабходныя сродкі гігіены, а таксама святочныя пачастункі, якімі шчодра падзяліліся з патрабуючымі вернікі: фарбаваныя яйкі, булкі і кулічы, фрукты і цукеркі.

Не забыліся таксама падараваць вырабы ад дзяцей, якія на працягу Вялікага посту на майстар-класах старанна рыхтавалі паштоўкі і сувеніры.

Дзяліліся радасцю і святкавалі ўсе разам: валанцёры разам з жыхарамі дома-інтэрната і супрацоўнікамі ўстановы традыцыйна «мацаваліся» святочным яйкам, гулялі ў гульні, спявалі разам з хорам «Актывісты» і нават танчылі.

Кіраўніца хора і актыўная парафіянка Ірына Латушка сваім запалам і энергічнасцю дапамагла зрабіць свята па-сапраўднаму каляровым і па-сямейнаму ўтульным.

Ксёндз пробашч скіраваў велікодныя віншаванні таксама дырэктару дома-інтэрната і абмеркаваў з ім перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

Пасля развітання з падапечнымі дома-інтэрната, вікарый нясвіжскай парафіі ксёндз Яўген Баланёў разам з валанцёрамі скіраваўся з велікоднымі віншаваннямі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў у вёсцы Лявонавічы, а таксама да пажылых і самотных парафіянаў, каб кожны атрымаў радасць дабра, цеплыні і адчуў, што Хрыстус сапраўды ўваскрос.

Гэтыя людзі, пражыўшы ўсё жыццё на Нясвіжчыне, хадзілі ў касцёл ад маленства, тут жа прымалі святыя сакрамэнты, узрасталі ў веры. Кожны з іх зрабіў свой каштоўны ўнёсак у тое, каб дзверы святыні заўсёды былі адчыненыя.

Варта адзначыць, што касцёл Божага Цела ў Нясвіжы на працягу свайго больш як 420-гадовага існавання ніколі не зачыняўся.

Абноўлена 17.04.2023 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.