13 красавіка юнакі і дзяўчаты сабраліся ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску на заключную сутрэчу ў межах падрыхтоўкі да XXXVII Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць з 1 па 6 жніўня ў Лісабоне (Партугалія).
Першая падобная сустрэча моладзі, якая жыве і вучыцца ў сталіцы, адбылася ў кастрычніку мінулага года ў архікатэдры, а другая прайшла ў студзені ў Серабранцы.
Заключная, трэцяя сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да моладзі са словамі:
«Вы, якія паедзеце ў далёкі Лісабон, засведчыце, што на Беларусі Бог жыве!»
Пасля святой Імшы адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак прадставіў праграму на перыяд з 1 па 6 жніўня, пазнаёміўшы ўдзельнікаў з падзеямі, якія будуць чакаць іх падчас Сусветных дзён моладзі ў Партугаліі.
Потым юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся са славутасцямі горада, які ўжо ў жніўні гэтага года прыме тысячы маладых людзей, аб’яднаных жаданнем праслаўляць Бога разам.
Таксама арганізатары паведамілі, што рэгістрацыя на СДМ будзе працягвацца да 15 красавіка, пасля чаго адразу ж распачнецца афармленне дакументаў.
- Для рэгістрацыі неабходна запоўніць гугл-форму па спасылцы ТУТ>>>
- Больш падрабязнай інфармацыі для ўдзельнікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі можна знайсці ў тэлеграм-канале СДМ 2023 Лісабон ТУТ>>>
Наступным пунктам падрыхтоўчай сустрэчы стала знаёмства з адным з 13-і апекуноў СДМ — святым Антоніем Падуанскім. Займальны аповед пра жыццё і цікавыя факты з біяграфіі святога для моладзі падрыхтаваў айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца.
Напрыканцы сустрэчы кожны з прысутных меў магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Антонія, які нарадзіўся ў Лісабоне.
Пасля благаслаўлення маладыя людзі працягнулі сустрэчу ў дольным касцёле, дзе іх чакала цёплая гарбата, і цудоўна правялі час разам з аднагодкамі.