Пошук

28.10.2022 14:29   Тэкст: Юлія Літвінковіч / Фота: Вяслава Вішнеўская, Алена Ялашэўская / Catholic.by

27 кастрычніка ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася першая агульная сустрэча мінскай каталіцкай моладзі, прысвечаная падрыхтоўцы да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2023 у Лісабоне.

Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой для моладзі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У прамоўленай гаміліі асаблівую ўвагу арцыпастыр звярнуў на словы дэвізу СДМ у Лісабоне, заахвочваючы маладых людзей «вырушыць у свет, як Марыя да Альжбеты, каб служыць патрабуючым».

Пасля Эўхарыстыі для юнакоў і дзяўчат адбылася сустрэча, акую правёў адказны за моладзь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак. Удзельнікі даведаліся цікавыя факты пра краіну, у якую ў жніўні будучага года прыбудзе моладзь з усіх куткоў свету.

Таксама святар зазначыў даты наступных падтыхтоўчых сустрэч, якія адбудуцца ў Мінску 12 студзеня і 13 красавіка 2023 года.

Наступная частка сустрэчы была прысвечана аднаму з апекуноў СДМ 2023 благаслаўлёнаму падлетку Карло Акуцісу, пра якога моладзі распавялі стваральнікі ўэб-сайта з раскладам набажэнстваў у парафіях Мінска Imsha.by. Абапіраючыся на прыклады з жыцця, Андрэй Місан распавёў удзельнікам пра харызму і веру маладога праграміста з Італіі, які, не маючы спецыяльнай адукацыі, ствараў сайты і праграмы аб Эўхарыстычных цудах і каталіцкіх святых.

Падчас далейшай сустрэчы Віктар Місан больш падрабязна пазнаёміў моладзь з гісторыяй стварэння і функцыянаваннем сайта Imsha.by.

Удзельнікі сустрэчы разам з заснавальнікамі ўэб-старонкі паразважалі над планамі і марамі па развіццю евангелізацыі ў віртуальнай прасторы.

Завяршылася сустрэча словам ксяндза Андрэя, які заахвоціў кожнага прысутнага не баяцца «быць маладой Марыяй, маладым Карло, паспешна выходзячы насустрач патрабуючым».

Пасля арцыбіскуп Станеўскі паблагаславіў моладзь на надыходзячую ноч і гарачую гарбатку, якая ўжо чакала юнакоў і дзяўчат на дольным паверсе архікатэдральнай святыні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа