Пошук

16.01.2023 10:10   Тэкст: Дар’я Купцова / Фота: Вяслава Вішнеўская / Catholic.by

12 студзеня пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, што ў мікрараёне Серабранка, адбылася другая агульная сустрэча моладзі, прысвечаная падрыхтоўцы да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць сёлета ў Лісабоне. Гэтым разам юнакі і дзяўчаты працягнулі свой шлях да Лісабона разам са святым Донам Боско.

Сустрэча распачалася святой Імшой. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Гамілію для маладых удзельнікаў прамовіў ксёндз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар перадусім заклікаў юнакоў і дзяўчат, а таксама ўсіх прысутных, быць чулымі да патрэбаў бліжніх, «бо менавіта праз клопат і любоў мы адчуваем смак хрысціянскага жыцця».

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы скіраваліся ў парафіяльны араторый імя святога Яна Боско на катэхезу. Напачатку ўдзельнікі разам памаліся малітвай за Сусветныя дні моладзі, пасля чаго ксёндз Андрэй Бурак прадставіў інфармацыю пра арганізацыю СДМ у Лісабоне. Святар распавёў, якія ёсць варыянты ўдзелу, растлумачыў, што такое валанцёрства, і падаў іншую карысную інфармацыю.

Для моладзі з Беларусі створаны спецыяльны канал ў Telegram, да якога могуць далучыцца ўсе зацікаўленыя па спасылцы ТУТ>>>

На канале будзе падавацца ўся актуальная інфармацыя адносна СДМ 2023.

Ксёндз Андрэй анансаваў таксама інфармацыю для тых, хто не зможа паехаць у Лісабон: у нашай краіне плануецца правесці нацыянальныя дні моладзі ў Будславе. Дата і час сустрэчы будуць пададзены пазней.

Вядома, што на Сусветныя дні моладзі выбраны святыя апекуны. З адным з іх — благаслаўлёным італьянскім падлеткам Карло Акуцісам — моладзь пазнаёмілася на першай сустрэчы. Гэтым разам у парафіі, дзе нясуць душпастырскае служэнне ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі, юнакі і дзяўчаты больш даведаліся пра святога Яна Боско — заснавальніка салезіянскага таварыства, які быў сапраўдным айцом, настаўнікам і сябрам моладзі. Знаёмства з гэтым святым правялі ксёндз Алег Каралёў SDB, сястра Ірына Барцэвіч FMA і салезіянскія аніматары.

Прэзентацыя асобы святога ксяндза Боско адбывалася ў двух блоках: тэарэтычная частка, у якой былі прадстаўлены асноўныя факты з жыцця святога, яго харызма, прычым два важных моманты былі паказаны ў тэатралізаванай пастаноўцы, а таксама практычная частка, у якой моладзь убачыла чатыры аспекты салезіянскага араторыя: касцёл, дом, школу і падворак.

Напрыканцы сустрэчы ксёндз Павел Шчарбіцкі прамовіў традыцыйнае салезіянскае «слоўка на добрую ноч», у якім прагучала такая думка: «не бойцеся браць адказнасць за сваё жыццё, за кожны свой выбар».

Наступная сустрэча моладзі ў межах падрыхтоўкі да СДМ 2023 пройдзе 13 красавіка ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця