Пошук

28.09.2016 09:41  

Нобелеўскі лаўрэат, былы прэзідэнт Ізраіля і кіраўнік ураду, ураджэнец Беларусі Шымон Пэрэс адышоў у вечнасць у ноч з аўторка на сераду 28 верасня ва ўзросце 93 гадоў. За два тыдні за гэтага ў яго здарыўся інсульт.

Былы ізраільскі палітык памёр у клініцы побач з Тэль-Авівам. Два тыдні таму меў крывазліццё ў мозг. Міру з Палесцінай, да якога імкнуўся палітык, яму дасягнуць так і не ўдалося. Аднак з узростам яго вельмі шанавалі ў Ізраілі.

Шымон Пэрэс нарадзіўся ў беларускай вёсцы Вішнева ў Валожынскім раёне, дзе яго памятаюць як Сямёна Перскага.
Ураджэнец Валожыншчыны быў дзявятым і дванаццатым прэм’ер-міністрам Ізраіля з 1984 па 1986 і з 1995 па 1996 гг., прэзідэнтам Ізраіля з 2007 па 2014 гг. Яго палітычная кар’ера доўжылася больш за 70 гадоў.

Бацька Шымона Пэрэса быў скупшчыкам піламатэрыялаў, а маці, па адукацыі настаўніца рускай мовы, працавала бібліятэкарам.

У сям’і Перэсаў размаўлялі на іўрыце, ідышы і рускай мове. У школе Шымон Пэрэс вывучаў і польскую мову (на той час заходняя частка Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы).

У 1931 годзе бацька Шымона Пэрэса эміграваў у Палесціну, а праз тры гады забраў з сабою жонку з дзецьмі. Усе родзічы Пэрэсаў, якія засталіся ў Беларусі, у час Другой сусветнай вайны сталі ахвярамі Халакосту.

«Я не з Расіі, я — з Беларусі»

«Бацька вельмі мала гаварыў пра той час, — прыгадвала тры гады таму ў інтэрв'ю «Комсомольской правде» яго старэйшая дачка Цвія Вальдэн. — Для яго гэта заўсёды было сур’ёзнай траўмай, атрыманай у дзяцінстве. Калі ён гаворыць пра Беларусь, ён прыгадвае сваіх дзядулю і бабулю, прыгадвае іншых сваякоў, якія загінулі падчас вайны, і гэта робіць яму балюча.

Бабуля расказала, што калі яны пераехалі з Беларусі ў Ізраіль, яны пачалі гаварыць на іўрыце кожны дзень. Таму што яўрэйская мова — гэта біблейская мова.

(...) Кожны раз, калі ў бацькі пытаюцца: “Вы з Польшчы?”, ён адказвае: “Не, я — з Беларусі”. Чалавек не разумее: “А-а, так вы з Расіі?” Але бацька цвёрда стаіць на сваім, цярпліва тлумачачы: “Я – з Беларусі! Беларусь – гэта незалежная краіна са сваёй культурай і традыцыямі”. Ён вельмі часта кажа пра тое, што ў беларусаў свабодны дух. І часта прыгадвае, што ў часы Другой сусветнай вайны тут, у Беларусі, было шмат яўрэяў.

Шымон Пэрэс быў трэцім ураджэнцам Беларусі пасля Хаіма Вейцмана і Залмана Шазара, які станавіўся прэзідэнтам Ізраіля. У 1994 годзе сумесна з Ясірам Арафатам і Іцхакам Рабінам атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Пасля эміграцыі ў Ізраіль палітык наведваў Беларусь два разы.

Падрыхтаваў (IL)


Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця