Пошук

10.04.2023 12:30   Тэкст і фота: Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

8 красавіка, у Вялікую суботу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў абрад благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў.

Арцыпастыр наведаў парафію Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, дзе на пачатку сёлетняга Вялікага посту адышоў у вечнасць шматгадовы пробашч гэтай супольнасці ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, а нядаўна быў прызначаны новы душпастыр, якім стаў ксёндз Дзмітрый Чупрын.

Сваёй прысутнасці і супольнай малітвай арцыбіскуп Станеўскі праявіў айцоўскі клопат пра ракаўскіх католікаў, а таксама ўмацаваў іх у веры ў несмяротнасць, задаткам якой стала ўваскрасенне Хрыста.

Вярнуўшыся з Ракава, іерарх благаславіў пасхальныя стравы ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Разам з сабранымі ў галоўнай святыні архідыяцэзіі шматлікімі вернікамі ён памаліўся перад сімвалічнай грабніцай Пана, пасля чаго здзейсніў абрад благаслаўлення страваў. Арцыпастыр звярнуўся да сабраных са словам, у якім заахвоціў вернікаў належным чынам перажыць урачыстасць Уваскрасення Езуса Хрыста.

«Мае дарагія, жадаю, каб, нягледзячы на штодзённыя клопаты і справы, заўважыць Хрыста і Яго Уваскрасенне; не абмяжоўвацца толькі велікодным кошычкам, але несці Уваскрослага ў свет: несці Яго сваім жыццём і добрым сведчаннем свайго хрысціянства.

Будзем памятаць, што дзверы касцёлаў адчынены не толькі сёння, але што Езус чакае нас кожную нядзелю», — выказаў свае велікодныя пажаданні арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 10.04.2023 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця