Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ПАСХА ХРЫСТОВА — ДАР НОВАГА СВЕТУ
Слова на Вялікдзень 2023
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Уваскрасенне Хрыста — гэта галоўнае хрысціянскае свята, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры. Нездарма святы апостал Павел кажа, што «калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная» (1 Кар 15, 14).
Мы перажылі Вялікі пост як час падрыхтоўкі да Пасхальных святаў. Асноўнай мэтай яго было нашае навяртанне — уваскрасенне з магілы граху.
Кульмінацыйным пунктам гэтага часу з’яўляецца Пасхальны трыдуум.
Падчас яго ў Вялікі чацвер мы разважаем пра ўстанаўленне сарамэнту Эўхарыстыі, у якім Езус застаецца з намі, і сакрамэнту пасвячэння, дзякуючы якому здзейсняецца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты. У Вялікую пятніцу сваімі думкамі пераносімся на Галготу, дзе Ён за нашыя грахі памёр. У Вялікую суботу яднаемся з Хрыстом у Яго смерці.
2. Святкаванне Пасхі распачынаецца з літургіі святла, што з’яўляецца сімвалам ззяння ўваскрослага Хрыста, святло якога разсейвае грахоўную цемру.
Чытанні Пасхальнай вігіліі прадстаўляюць гісторыю стварэння, грэхападзення і збаўлення. Такім чынам яны нагадваюць нам бязмежную любоў Бога да чалавека на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.
Хрыстус прадказаў сваё ўваскрэсенне з мёртвых словамі: «Сын Чалавечы Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць» (Мк 8, 31). Яго Уваскрасенне пацвердзідла гэтае абяцанне. А калі Ён уваскрос, то і мы ўваскрэснем (пар. 1 Кар 15, 22–23), як вучыць святы апостал Павел.
Таму ўваскрасенне Хрыста дае нам надзею на нашае ўласнае ўваскрашэнне.
Евангелле распавядае, як жанчыны міраносіцы раніцай у нядзелю, калі яшчэ было цёмна, пайшлі да магілы Езуса, каб намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Іх прывітаў анёл і сказаў ім, што Езуса ў магіле няма, бо Ён уваскрос. Анёл таксама папрасіў іх абвясціць гэтую навіну вучням і сказаць ім ісці ў Галілею, дзе яны ўбачаць Езуса (пар. Мц 28, 1–7).
Асаблівым элементам літургіі Пасхальнай вігіліі з’яўляецца публічнае вызнанне нашай веры. Калі на пытанні святара «ці верыш у Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі? у Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага? у Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае?» мы адказваем «веру», то такім чынам паказываем, што гатовы святкаваць таямніцу Уваскрасення, якая дае нам новае жыццё.
Манахі трапісты ў вечным маўчанні пры сустрэчы вітаюць адзін аднаго словамі: Memento mori, што азначае: «Памятай, што памрэш». Але на Вялікдзень яны кажуць: Memento vivere, што азначае «Памятай, што будзеш жыць». У гэтых словах крыецца праўда аб нашым уваскрашэнні напрыканцы часоў.
3. Праўда ўваскрасення Хрыста, будучы дарам, таксама з’яўляецца заданнем. Калі мы хочам уваскрэснуць да вечнага жыцця, то павінны жыць жыццём Уваскрослага Езуса.
Пасля ўваскрасення Хрыста, якое стала зваротным пунктам гісторыі, свет змяніўся і стаў іншым. Калі раней ён быў напоўнены грахом, то цяпер мае доступ да Божай ласкі. Хрыстус Уваскрос не для таго, каб вярнуцца да звычайнага зямнога жыцця і потым зноў памерці, але каб жыць вечна.
Яго ўваскрасенне спарадзіла адну з найпрыгажэйшых рэвалюцый у гісторыі, якая змяніла свет.
Таму праўда ўваскрасення Хрыста заклікае нас не задавальняцца толькі тым, што кожную раніцу мы ўстаем і распачынаем новы дзень з яго штодзённымі зямнымі клопатамі. Прыйшоў час скіраваць наш позірк на духоўныя справы і прыняць за аксіёму тое, што праўда Уваскрасення павінна стаць часткай нашага жыцця. Яна павінна прысутнічаць у нашай параненай грахом чалавечнасці, у нашым штодзённым жыцці і ў нашым свеце, які патрабуе новай рэвалюцыі любові.
У наш час сістэматычнага разбурэння традыцыйнага і біблійнага разумення маральных прынцыпаў і духоўнага крызісу сучаснай цывілізацыі існуе вострая неабходнасць асабістага і нацыянальнага духоўнага ўваскрашэння, якое дасць упэўненасць і падтрымку ў жыцці і будзе весці да пабудовы справядлівага і лепшага свету. Для гэтага неабходна заўсёды памятаць аб нашай хрысціянскай тоеснасці, мець адвагу сказаць «не» граху і злу і «так» Богу і дабру, быць на баку праўды, справядлівасці і сумленнасці.
Мы не выбіраем часу, у які нам выпала жыць, але выбіраем спосаб таго, як жыць у ім — паводле Божага закону ці насуперак яму. А каб жыць згодна з Божым законам, мы павінны быць моцнымі праўдай уваскрасення і не баяцца патрабаваць ад саміх сябе, не шукаць вінаватых, але самім станавіцца лепшымі і больш дасканалымі.
Ні ў якім выпадку не ісці на кампраміс за злом, але жыць у праўдзе. У гэтым крыецца поспех нашай хрысціянскай місіі.
4. Аповед жанчын міраносіц пра пустую магілу Езуса і анёла, які ім сказаў, што Ён уваскрос, апосталам здаваўся чымсьці нерэальным. Аднак іх нельга вінаваціць у гэтым, бо яны кіраваліся логікай старога свету аб немагчымасці ўваскрасення цела. З уваскрасеннем Хрыста настаў новы свет з новай логікай, паводле якой уваскрасенне стала фактам і знаходзіцца ў цэнтры ўсяго стварэння.
Нездарма Папа Францішак падкрэслівае, што ўваскрасенне Хрыста не належыць да мінулага. Хоць у свеце пануе несправядлівасць, злосць, абыякавасць і жорсткасць, тым не менш сярод цемры вырастае штосьці новае, а на пустым полі паўстае жыццё, што з’яўляецца знакам праяўлення жыццядайнай сілы ўваскрасення, якая напаўняе свет (пар. EG 276).
5. Жанчыны міраносіцы пайшлі да магілы раніцай, калі яшчэ было цёмна. Гэтая цемра была не толькі фізічнай, але таксама і духоўнай, бо Хрыстус, які абяцаў вечнае жыццё, сам памёр і ляжыць у цёмнай магіле.
Мы добра ведаем, што святло прыходзіць са світаннем і перамагае цемру. Як толькі Пётр убачыў пустую магілу, то ў ім нарадзіўся новы свет з новай логікай. Гэты новы свет і новая логіка з’яўляюцца дарам Пасхі.
Анёл пытаецца ў жанчын: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» (Лк 24, 5). Пакуль вучні застаюцца ў старым свеце з яго старой логікай, яны шукаюць Езуса сярод мёртвых.
Каб знайсці Езуса і сустрэцца з Ім, яны павінны былі пакінуць стары свет з яго старой логікай смерці і ўвайсці ў новы з новай логікай жыцця.
Тое, што справядліва для апосталаў, справядліва і для нас. Калі мы будзем шукаць Езуса толькі як дзеяча мінулага, які пакінуў нам мудрыя вучэнні і моцныя маральныя прыклады, то ніколі не сустрэнем Уваскрослага. Тады хрысціянства стане бляклым маралізмам.
Словы анёла, што Езус уваскрос (пар. Мк 24, 6) уводзяць нас у святло велікоднай раніцы, дзе Ён стаіць перад намі як першынец з мёртвых. Яго раны ззяюць, як сонца. Гэта знак таго, што панаванне грахоўнай цемры (пар. Лк 22, 53) заканчваецца і прыходзіць святло Божага Валадарства.
6. Часам здаецца, што свет знаходзіцца ў роспачы і безвыходнасці. Аб гэтым сведчыць маральны заняпад, палітычныя і эканамічныя крызісы, розныя хваробы, пандэмія каранавірусу, стыхійныя бедствы, канфлікты, нянавісць, злосць, карупцыя, адсутнасць духа прабачэння, тэрарыстычныя акты, ваенныя дзеянні і гэтак далей.
Здаецца, што гэты каталог надзённых і невырашальных праблем бясконцы. У выніку гэтага многія людзі замыкаюцца ў сабе. Некаторыя робяць выгляд, што ўсё добра, і працягваюць весці эгаістычны і нарцысічны стыль жыцця. Іншыя становяцаа злоснымі, цынічнымі, абыякавымі да ўсіх і ўсяго і клапоцяцца толькі пра сябе. Шмат людзей шукае шчасця ў віртуальным свеце, амаральных задавальненнях, алкагалізме, наркаманіі, варажбе і падобных рэчах. Аднак там яго не знаходзяць і не пазбаўляюцца ад трывогі, а, наадварот, адкрываюць безвыходнасць і адчай.
Між тым адзіны і сапраўдны адказ на самыя складаныя пытанні жыцця дае ўваскрослы Хрыстус.
Ён адорвае нас сваім супакоем, дае нам сябе ў Эўхарыстыі, адпускае грахі ў сакрамэнце паяднання, прамаўляе да нас праз Святое Пісанне і Касцёл, вучыць, як жыць і адказваць на надзённыя пытанні ў сацыяльным вучэнні Касцёла. У Ім нашая адзіная надзея, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). Таму, калі заўважым, што Езус з’яўяецца другім пілотам самалёта нашага жыццёвага падарожжа, то павінны неадкладна перасесці, каб не мы самі, але Ён кіраваў ім.
7. Сучасны свет перажывае энергетычны крызіс. Аднак на гарызонце з’явілася надзея на пазітыўнае вырашэнне гэтай праблемы. Мінулай восенню вучоным фізікам удалося ажыццявіць кантраляваны тэрмаядзерны сінтэз, у выніку якога была атрымана реакцыя, аналагічная той, якая адбываецца ў нетрах сонца. Гэтае рэвалюцыйнае навуковае дасягненне дае надзею, што ў перспектыве можа з’явіцца штучнае сонца як невычэрпная крыніца энергіі.
Духоўнае сонца, якім ёсць Езус Хрыстус і якое ніколі не заходзіць, узышло ў бэтлеемскую ноч. У пасхальную ж ноч яно вызваліла нас з грахоўнай цемры і ўвяло ў боскае святло. Як невычэрпная крыніца духоўнай энергіі яно аднаўляе нашае жыццё. Таму трэба звяртацца да яго, каб у час духоўнага крызісу не замерзнуць у холадзе граху і не заблукаць у яго цемры. Гэта імператыў свята Уваскрасення Хрыста.
8 Дарагія браты і сёстры!
Віншую вас святам святаў — Пасхай Хрыстовай.
Віншую іншых хрысціянаў, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята нашага збаўлення.
Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць святкаваць Уваскрасенне Хрыста праз тыдзень.
Віншую ўсіх людзей добрай волі.
Няхай уваскрослы Хрыстус уваскрасіць нас і нашую Бацькаўшчыну з магілы грахоў і адорыць патрэбнымі ласкамі для будавання новага свету паводле новай, пабудаванай на прынцыпах Евангелля логіцы праўды, міру, справядлівасці, прабачэння і ўзаемнай любові.
Радасных, поўных ласкі і супакою святаў Пасхі Хрыстовай усім вам, дарагія суайчыннікі!
Давяраючы вас апецы Марыі, Маці ўваскрослага Езуса, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 2 красавіка 2023 г., Пальмовая нядзеля