Вялікдзень, які сёлета ў Каталіцкім Касцёле прыпадае на 9 красавіка, адзначаецца як урачыстымі цэлебрацыямі ў святынях, так і святкаваннем у сямейным коле, з роднымі і блізкімі.
На традыцыйным велікодным стале прысутнічае шмат розных страваў і элементаў, якія маюць багатую сімволіку. У пасхальным кошыку, якія гаспадыні так старанна збіраюць перад святам для благаслаўлення ў касцёле, неадменна прысутнічаюць фарбаваныя яйкі, хлеб, соль, вяндліны, а таксама святочнае печыва.
У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, які дзейнічае ў Мінску пры дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна, да свята выпякаюць адмысловае печыва — салодкіх пасхальных баранкаў, якія не толькі будуць кожнаму да смаку, але і ўпрыгожаць велікодны кошык-«свянцонку».
Ахвярнае ягня, або баранак, з’яўляецца прадказаннем ахвяры Езуса Хрыста, які, праліўшы сваю кроў на крыжы, вызваліў кожнага чалавека з няволі граху і захаваў ад вечнай смерці. Габрэі на Пасху ахвяравалі баранка на ўспамін лёсавызначальнай падзеі ў гісторыі выбранага народа. Калі яны знаходзіліся ў няволі ў Егіпце, Бог пачуў іх просьбы аб вызваленні і не даў ім загінуць. Бог загадаў ізраэльцянам акрапіць свае дзверы крывёю ахвярнага ягняці. Жыхары пазначаных дамоў ацалелі ў той час, калі ў Егіпце загінулі ўсе першародныя. Гэта напужала фараона і прымусіла яго дараваць габрэям свабоду (пар. Зых 11–12).
У Місіі Добрага Самараніна выпякаюць салодкіх велікодных баранкаў, якія ўсе ахвотныя могуць набыць за ахвяраванні.
Адрас: Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, г. Мінск, вул. Серафімовіча, 19 (непадалёк ад станцыі метро «Пралетарская»).
Вясёлых святаў!