Пошук

30.03.2023 13:00   Фота: Ірына Крук, Ірына Малярэнка / Catholic.by

На працягу Вялікага посту ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) валанцёрамі ў супрацоўніцтве з Дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas актыўна вялася дабрачынная дзейнасць.

Справы міласэрнасці заўсёды ў прыярытэце ў нясвіжскіх вернікаў. Яшчэ ў снежні мінулага года тутэйшыя парафіяне сабралі падарункі да Божага Нараджэння для дзяцей-інвалідаў са шматдзетных сем’яў, а дзеці, якія наведваюць заняткі па рэлігіі, падрыхтавалі тэатралізаваную сцэнку-батлейку, прысвечаную Нараджэнню Езуса Хрыста.

У перыяд Вялікага посту, калі Касцёл асабліва заахвочвае хрысціянаў рабіць добрыя справы, вернікі разам з валанцёрамі дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas пры парафіі Божага Цела ў Нясвіжы наведалі аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў у вёсцы Лявонавічы. Гэтая ўстанова адносіцца да Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. З нагоды Вялікадня валанцёры таксама аказваюць дапамогу пастаяльцам Нясвіжскага псіханеўралагічны дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Асмолава. Яны рэгулярна наведваюць установу і аказваюць яе падапечным рэчавую дапамогу.

Эстафету добрых спраў ў межах акцыі «Падары радасць людзям, якія патрабуюць асаблівай увагі» перанялі таксама неабыякавыя жыхары вёскі Навасёлкі, якія перадалі вялікую колькасць рэчаў для тых, хто мае ў іх патрэбу.

Дзякуючы валанцёрам сабраныя рэчы сартуюцца, падпісваецца кожная скрынка.

Як прызнаюцца самі валанцёры, узамен за ахвяраваны час і працу яны атрымліваюць нашмат больш: добры настрой і ціхую радасць ад усведамлення таго, што праз гэта служыш самому Хрысту.

Людзі, якія такім чынам атрымліваюць неабходнае, перадаюць словы падзякі пробашчу парафіі ў Нясвіжы ксяндзу каноніку Пятру Шарко, дэкану Нясвіжскаму, а таксама валанцёрам і ўсім парафіянам. Удзячныя ім за дапамогу таксама супрацоўнікі сацыяльных устаноў. Разам з падапечнымі яны дзякуюць за чыстае, акуратнае адзенне, а яшчэ больш за ўвагу, неабыякавасць да іх няпростага жыццёвага становішча, за чулыя і адкрытыя на добрую справу сэрцы людзей.

Перад Пальмовай нядзеляй, якая сёлета ў Касцёле будзе адзначацца 2 красавіка, валанцёры разам з децьмі і іх бацькамі збіраліся разам, каб падрыхтаваць святочныя падарункі на Вялікдзень для падапечных псіханеўралагічнага інтэрната. Яны выраблялі прыгожа аздобленыя вербачкі, падсвечнікі са святочнай тэматыкай і іншыя рэчы, якія пазней будуць перададзены патрабуючым.

Абноўлена 30.03.2023 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа