Пошук

20.09.2016 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

Для Паўла Хадзінскага фатаграфія пачыналася з хобі, а стала прафесіяй. Сёння хлопец здымае не толькі партрэты і фотагісторыі, але і рэпартажы з жыцця Касцёла.

Павал Хадзінскі за працай. Фота Аляксандры Шчыглінскай, ліпень 2016

Парафіянін мінскага Чырвонага касцёла ў размове з Catholic.by расказаў пра будні фатографа і падзяліўся сваёй марай стаць асабістым фатографам Папы.

«Праз фота імкнуся паказаць духоўнае жыццё вернікаў»

— Здымкамі займаюся ўжо каля васьмі гадоў, — прызнаецца Павал, — спачатку гэта былі фота выключна для сябе: здымаў прыгожыя рэчы, якія бачыў вакол. Ужо пазней пачаў рабіць партрэтныя здымкі знаёмых, а праз пэўны час і адмысловыя фотасесіі ў студыі і на адкрытым паветры.

Зараз найбольшае захапленне — гэта рэпартажнае фота, у якім і спрабую ўдасканальвацца.

Фатаграфую свецкіх і духоўных асобаў у Будславе і падчас іншых касцёльных падзей. Па гэтых здымках можна назіраць за тым, як змяняюцца з часам людзі. У гэтым і бачу цікавасць сваёй працы.

Павал прызнаецца, што не ўсе любяць, калі іх фатаграфуюць. І сам ён не робіць здымкі, калі чалавек у кадры гэтага не хоча.

— Часам хапае нейкага кароткага візуальнага кантакту з будучым героем фота, які праз імгненне трапіць у кадр. Калі адчуваю, што чалавек мне давярае, тады гэты здымак я раблю.

Але бываюць сітуацыі як са свецкімі, так і духоўнымі асобамі, якія не тое, што саромеюцца, але не зусім камфортна сябе адчуваюць перад аб’ектывам фотаапарата. У такім выпадку я стараюся спытаць дазвол, каб сфатаграфаваць іх, або не фатаграфую.

Падчас касцёльных падзей найпрасцей даюцца здымкі пажылых людзей і дзяцей. Яны не саромеюцца паказваць сваю веру, не звяртаюць асаблівай увагі на тое, што іх здымаюць. А вось з людзьмі сярэдняга ўзросту куды складаней. Але гэта мяне і вабіць: я шукаю ў гэтых людзях цікавы партрэтны прыклад, імкнуся праз фота паказаць іх духоўны свет.

Фатограф, які марыць рабіць здымкі Папы

— Пару гадоў таму я звяртаўся ў Мітрапалітальную курыю і прапаноўваў свае паслугі фатографа. Думаў пра тое, што змог бы быць асабістым фатографам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча (усміхаецца — заўв. аўт.). Але фінансаваць такую пасаду магчымасці не было, і мне адмовілі.  

Мая найвялікшая мара — быць асабістым фатографам Папы. Фіксаваць яго будні ў Ватыкане, суправаджаць Пантыфіка ў падарожжах. Я ўжо быў некалькі разоў у Рыме — гэта неверагоднае месца.

Кардынал Казімір Свёнтэк цэлебруе святую Імшу, 2010 год

Але гэта мара цяжкадасяжная. Куды прасцей было б з рэалізацыяй іншай ідэі — здымаць у мурах семінарыі. Праз гэты фотапраект я хацеў бы паказаць, як адбываецца фармацыя будучых святароў.



Здымкі Паўла Хадзінскага з жыцця Касцёла ў Беларусі час ад часу з’яўляюцца ў замежным друку. Хлопец прызнаецца, што для яго як фатографа гэта асаблівы гонар. Звычайна перад публікацыяй СМІ дасылаюць яму запыт на дазвол выкарыстання здымкаў.

— Фатаграфія для мяне сёння — гэта праца. Зараз я раблю здымкі розных жанраў — ад моды да партрэтных здымкаў герояў. Для мяне ў фатаграфіі няма табу. Быць фатографам — гэта дакументаваць гісторыю. І я люблю сваю працу.

Цяжэй за ўсё мне даюцца здымкі архітэктуры. Магчыма, гэта нейкі мой мінус як фатографа, але я не адчуваю натхнення здымаць гэтую тэму. Найперш мяне вабяць жывыя рэпартажныя здымкі.

Дарога да веры

— Хрысцілі мяне ў праваслаўі. Але склалася так, што мы ў сям’і былі хутчэй намінальнымі хрысціянамі — царкву наведвалі два разы на год.

Практыкуючым вернікам я стаў сам, па ўласнай волі, але па гэтай сцяжынцы з усёй сям’і пайшоў толькі я. Памятаю, як школьнікам на летніх вакацыях гасціў у бабулі з дзядулем. У іх у кватэры заўсёды быў уключаны Першы канал Беларускага радыё. А па нядзелях па ім ішла трансляцыя святой Імшы з Чырвонага касцёла.



Звычайна я займаўся сваімі справамі, але час ад часу прыслухоўваўся, засяроджваўся. Мая цікавасць расла. Урэшце аднойчы на Божае Нараджэнне я пайшоў у Чырвоны касцёл, каб на свае вочы пабачыць святую Імшу.

Пасля ўдзелу ў пастэрцы я выйшаў на вуліцу і зразумеў, што хачу прыходзіць сюды часцей. Так мае адносіны з Хрыстом атрымалі новы віток у развіцці.

Мы разважаем над тым, чаму здараецца так, што актыўная калісьці ў жыцці Касцёла моладзь праз пэўны час усё радзей наведвае Касцёл.

— Касцёл — гэта асяродак тых, хто верыць у Хрыста. У Касцёле шмат ідэйнай моладзі, якая часта вельмі актыўная, і гэтая актыўнасць у межах Касцёла захапляе іх вельмі моцна.

Але хтосьці пераязджае ў іншае месца, былыя касцёльныя сябры гадуюць дзяцей — і той атмасферы сяброўства ўжо не адчуваецца, як не адчуваецца і былой гасціннасці.

Таксама па тэме:

  • «Сябры лічылі, што цяпер я павінна ведаць пра Касцёл усё»: выпускніца тэалагічнага каледжа пра сваю працу катэхеткай

  • Яўгеній, Арцём і Цігран — стваральнікі каталіцкага малітоўніка для андроідаў

Але сітуацыю могуць змяніць жывыя прыклады веры. Пра іх трэба часцей пісаць, як у касцёльных, так і ў свецкіх СМІ. Такія прыклады могуць заахвоціць вернікаў часцей прыходзіць у касцёл і прыводзіць туды сваіх сяброў. Так бы мовіць, «новая евангелізацыя» праз асабісты кантакт...



Вера ў Бога для мяне — гэта адзіны варыянт, які ў мяне ёсць. Адзіны шлях. Верыць для мяне — гэта імкнуцца да святасці, пераўзыходзіць нейкія ўнутраныя перажыванні і сумненні, заўсёды ведаючы, што ў мяне ёсць Бог, які заўжды падтрымае, і спрабаваць сваімі ўчынкамі паказаць Яму, што я жадаю быць вартым таго, каб Яму падабацца.

Гутарыў Ілья Лапато
Выкарыстаныя ў артыкуле фотаздымкі Паўла Хадзінскага
прыведзены ў ілюстрацыйных мэтах

Абноўлена 12.06.2017 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа