Пошук

21.03.2023 12:40   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

У панядзелак 20 сакавіка ў Мінску адзначылі імяніны Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Сёлета ўрачыстасць святога Юзафа, якая адзначаецца ў Касцёле 19 сакавіка, супала з Чацвёртай нядзеляй Вялікага посту, і таму яе святкаванне было перанесена на наступны дзень. Разам з урачыстасцю святога Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апекуна Касцёла свае імяніны адзначыў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Ужо напярэдадні яго павіншавалі вернікі парафіі святога Юзафа ў Рубяжэвічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат), якую арцыпастыр наведаў з нагоды парафіяльнага адпусту, а ў панядзелак з яго ўдзелам адбыліся дзве святочныя цэлебрацыі ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Першую з іх імяніннік узначаліў апоўдні. У ёй узялі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які прамовіў гамілію, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, два біскупскія вікарыі — ксёндз канонік Ян Крэміс з Мінска і ксёндз канонік Уладзімір Гуляй з Ліды (Гродзенская дыяцэзія), дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас, іншыя святары і вернікі.

Асабліва шмат іх сабралася ў галоўнай святыні сталіцы на святой Імшы ўвечары, у якой узяў удзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і вялікая колькасць святароў. Цэлебрацыю ўзначальваў імяніннік, а біскуп Яшэўскі прамовіў гамілію, у якой засяродзіўся на асобе святога Юзафа, падкрэсліўшы, што ў ім увасобіліся ўсе цноты святасці адначасова.

«Ён больш, чым патрыярх, ён — патрыярх патрыярхаў; больш, чым апостал, таму што ён з’яўляецца настаўнікам самога Настаўніка, Настаўніка апосталаў.

Ён пераўзыходзіць нявінных вызнаўцаў у чысціні і нявіннасці, ён з’яўляецца ўзорам паслухмянасці, прыкладам пакоры, ён з’яўляецца найвышэйшым пасля Бога, Хрыста і Марыі зборам Боскіх дароў, ушанаванняў, прывілеяў, прэрагатывы», — адзначыў біскуп Яшэўскі.

Іерарх дадаў, што дзякуючы гэтаму святы Юзаф з’яўляецца прыкладам для наследавання для ўсіх вернікаў, незалежна ад іх стану, заняткаў і жыццёвага паклікання, і заахвоціў ва ўсіх патрэбах ісці да Юзафа, «якому давераны ўсе скарбы ласкі».

Звяртаючыся напрыканцы гаміліі да арцыбіскупа Станеўскага, адзін з яго бліжэйшых паплечнікаў сказаў: «Ваша Эксцэленцыя, прыміце ад нас, біскупаў, ад святароў і кансэкраваных асоб, ад вернікаў нашай архідыяцэзіі самыя шчырыя віншаванні з днём вашага нябеснага Заступніка — святога Юзафа».

Біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаў арцыпастыру пажаданне, каб Дух Святы і надалей умацоўваў і натхняў яго ў пастырскім служэнні; каб мноства добрых справаў, ім здзейсненых, «памнажалася і служыла на карысць народу Божаму і дзеля славы Хрыстовага Касцёла і нашай архідыяцэзіі».

На заканчэнне цэлебрацыі ад імя святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Станеўскага павіншаваў з імянінамі ксёндз канонік Францішак Рудзь, а таксама свае віншаванні выказалі арцыпастыру прадстаўнікі манаства і моладзь. Было зачытана віншаванне, якое з нагоды імянінаў даслаў Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Пасля заканчэння святой Імшы прысутных на ёй дзяцей ад імя імянінніка частавалі цукеркамі.

Абноўлена 21.03.2023 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.