Пошук

20.03.2023 15:34   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

19 сакавіка ў парафіі святога Юзафа ў Рубяжэвічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат) адзначылі парафіяльны адпуст у гонар Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апякуна паўсюднага Касцёла.

З гэтай нагоды парафію ў Рубяжэвічах наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ва ўрачыстасць святога Юзафа святкуе свае імяніны.

Арцыпастыра гасцінна сустрэлі і цёпла прывіталі рубяжэвіцкія парафіяне на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Уладзімірам Каспарэвічам.

Незадоўга да парафіяльнага свята ў рубяжэвіцкую святыню прыбылі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай, які здзяйсняюць перэгрынацыю па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Яны дапамаглі стварыць асаблівую малітоўную атмасферу і адчуць прысутнасць Багародзіцы ў Яе святых выявах.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на асобу святога Юзафа, узгадаўшы, з якімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі яму давялося сутыкнуцца, каб выканаць даручанае яму Богам заданне стаць галавой Святой Сям’і.

«Ён учыніў сваё жыццё даверам Пану Богу», — падкрэсліў іерарх.

Арцыпастыр перасцярог вернікаў ад памылковага празмернага спадзявання на ўласныя сілы, ад спакусы самім справіцца з усімі цяжкасцямі. Іерарх заахвоціў прысутных звяртацца да Божай дапамогі і па прыкладу святога Юзафа, які на старонках Святога Пісання не прамовіў ніводнага слова, а толькі слухаў, уважліва прыслухоўвацца да таго, што Бог хоча сказаць, асабліва моладым людзям.

«Бог, які стварыў неба і зямлю, прамаўляе так, як калісьці да Юзафа: „Не бойся, Я з табою!“

Дарагія брат і сястра, кожны з нас — Божае стварэнне. Таму не бойцеся сённяшняга свету і будзьце мужнымі», — заахвоціў арцыбіскуп Станеўскі напрыканцы гаміліі.

Пасля Імшы парафіяне павіншавалі іерарха з імянінамі, пажадаўшы яму моцнага здароўя, а таксама апекі святога Юзафа і Найсвяцейшай Панны Марыі ў пастырскай працы. Арцыбіскуп, у сваю чаргу, падзякаваў усім вернікам і пробашчу за клопат пра святыню і пажадаў, каб жылі ў любові і еднасці ў духу Евангелля.

«Не бойцеся! Трымайцеся моцна крыжа, бо на ім ёсць Езус Хрыстус, і Ён дапаможа пераадолець нам усе цяжкасці», — сказаў на развітанне гасцінным рубяжэвіцкім вернікам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

                  
Абноўлена 20.03.2023 16:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.