У суботу 11 сакавіка у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылася святая Імша за памерлага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу, які ад засанавання каледжа быў у ім выкладчыкам кананічнага права, а на працягу апошніх гадоў — намеснікам дырэктара, кіраўніком навучальнага працэса і выкладчыкам метадалогіі.
Узначаліў цэлебрацыю літургіі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, казанне прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел дырэктар каледжа ксёндз канонік Ян Крэміс, выкладчыкі, навучэнцы і выпускнікі каледжа.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім падзякаваў усім за супольную малітву, а таксама за малітвы за яго, калі ён апынуўся ў шпіталі.
Заслужаны іерарх адзначыў, што смерць ксяндза Дзмітрыя была нечаканай, дадаўшы, што яшчэ за тыдзень да таго, як ракаўскі пробашч трапіў у шпіталь, яны размаўлялі з ім, абмяркоўвалі тое, чым жыве Касцёл. Арцыпастыр падкрэсліў, што ксёндз Дмітрый зрабіў вялікі ўнёсак у распачатае яго папярэднікамі аднаўленне святыні ў Ракаве і атуліў вялікім душпастырскім клопатам мясцовую парафіяльную супольнасць.
«Будаваў жывы Касцёл, імя якому — народ Божы. <…> Ён упісаў сваў імя залатымі літарамі ў гісторыю адраджэння і станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На заканчэнне цэлебрацыі біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў усім прысутным і заахвоціў да малітвы аб вечным жыцці для памерлага ксяндза Дзмітрыя як выраз удзячнасці за яго ахвярнае святарскае служэнне і руплівую выкладчыцкую дзейнасць у Мінскім тэалагічным каледжы, ля вытокаў якога ён стаяў і назаўсёды застанецца ў гісторыі гэтай касцёльнай навучальнай установы.